У Дварцы „Клубнічным фэстам” завершаць сезон збору клубніц
6 чэрвеня на рынкавай плошчы вёскі Дварэц, Лунінецкага раёну, пройдзе „Клубнічны фэст-3”. Штогадовы івэнт збірае як мясцовых жыхароў так і гасцей паслухаць рок-музыку акурат па заканчэнне сезону збору клубніц. На сёлетнім фэсце выступяць чатыры калектывы: West River, „Огонь оркестр”, DC.BY і хэдлайнер NIZKIZ.
Кажа арганізатар мерапрыемства, прадпрымальнік Ігар Пракаповіч:
– NIZKIZ – я вельмі хацеў іх тут пабачыць. Па-першае, беларускамоўны гурт, я паслухаў некалькі запісаў, і яны мне вельмі падабаюцца. Я вось зараз пра іх гавару і ў мяне мурашы па скуры. Дзеля такіх людзей і дзеля таго, каб наша моладзь прыйшла і на гэта паглядзела, мы ўзарвёмся, псіханём і гэта зробім.
Пачатак „Клубнічнага фэсту-3” адбудзецца пятнічным вечарам а 20-й гадзіне. Ля канцэртнай пляцоўкі будуць працаваць фуд-корт, а таксама прадавацца ахаладжальныя напоі і піва.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя.