Дзень археолага: мерапрыемствы на археалагічным комплексе на рацэ Менка
Навукоўцы Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі правядуць сваё прафесійнае свята (15 жніўня) на археалагічным комплексе на рацэ Менка ў вёсцы Гарадзішча Менскага раёна і запрашаюць далучыцца ўсіх, хто захапляецца гісторыяй і археалогіяй, паведамляе zviazda.by.
У праграме — непасрэдны ўдзел у археалагічных раскопках Вялікага гарадзішча пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі, майстар-класы ад вопытных археолагаў па зачыстцы культурнага пласта, лекцыя навуковага кіраўніка раскопак Андрэя Вайцяховіча, выстава найноўшых артэфактаў. Таксама запланаваны выступленне клуба гістарычных рэканструкцый «Волат», выязны семінар па пытаннях археалагічнай спадчыны Беларусі і гісторыка-культурнага турызму, круглы стол «Інтэграцыя ў сферу турызму археалагічнай спадчыны Беларусі».
На археалагічным комплексе на рацэ Менцы ў вёсцы Гарадзішча Менскага раёна сёлета пад кіраўніцтвам Інстытута гісторыі НАН Беларусі праводзяцца маштабныя даследаванні, у якіх удзельнічаюць навукоўцы, студэнты, валанцёры ўсёй краіны. Ужо атрыманы ўнікальныя артэфакты, якія дапаўняюць старонкі старажытнай гісторыі Беларусі. У Менскай гарадской ратушы з 26 ліпеня працуе спецыяльная выстава, на якой прэзентуюцца рэдкія прадметы матэрыяльнай і духоўнай культуры.