У Дзень Волі выйшаў першы нумар нясвіжскага краязнаўчага часопіса
Нясвіжчына адзначыла Дзень Волі выпускам новага краязнаўчага часопіса. Менавіта 25 сакавіка 2019 года ў інтэрнэце з’явіўся першы нумар краязнаўчага гістарычна-літаратурнага электроннага часопіса “Нясвіжскія каеты”. Часопіс анансаваўся з леташняга года. І вось ён пабачыў свет.
Адкрывае часопіс уступ доктара гістарычных навук, прафесара Міхаіла Гурына. Ёсць таксама артыкул доктара педагагічных навук, прафесара Людмілы Майсені і артыкул старшага навуковага супрацоўніка ДУ „Нацыя-нальны гісторыка-культурны музей-запаведнік „Нясвіж” Андрэя Блінца. У нумары шмат аўтэнтычных і перакладных краязнаўчых матэрыялаў на самыя розныя тэмы, а таксама некалькі літаратурных твораў гістарычнай тэматыкі.
Плануецца, што часопіс будзе выходзіць кожныя тры месяцы. Як сказаў адзін з удзельнікаў часопіса гісторык Леанід Лаўрэш, нясвіжскі часопіс можна выдаваць хоць кожны дзень, матэрыялаў хопіць.
Заснавальнікам “Нясвіжскіх каетаў” з’яўляецца Нясвіжская раённая арганізацыя ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны”. У склад рэдкалегіі часопіса ўваходзяць Валер Дранчук, Леанід Качановіч, Наталля Плакса і Станіслаў Суднік.
Знайсці часопіс можна пакуль што на сайтах nslowa.by і pawet.net. Пазней, пасля заключэння дамоваў, часопіс “Нясвіжскія каеты” з’явіцца на іншых сайтах. Таму давайце пажадаем яму: у добры час!
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя