У дзень Жыровіцкай Іконы Божай Маці ў Жыровічах цішыня
20 траўня штогод на працягу многіх стагоддзяў у Жыровічах адзначалася свята Жыровіцкай Іконы Божай Маці.
Сюды з’язджаліся вернікі з усяго свету. А сёлета 20 траўня ў Жыровічах павінна было адзначацца 550-годдзе Жыровіцкай Іконы Божай Маці і 500-годдзе Жыровіцкага манастыра. Але каронавірус усе планы перакрыжаваў і ў Жыровічах стаіць цішыня. Толькі бронзавы Серафім Жыровіцкі каля Успенскага сабора сумна пазірае на Саборную вуліцу, па якой сяды-тады праедуць легкавушкі. Сам помнік таксама чакае свайго ўрачыстага адкрыцця.
Жыровічы выглядаюць прыгожа і ўсё зроблена да юбілейных урачыстасцяў. Засталося толькі дачакацца таго моманту, калі каронавірус адступіць і будзе канкрэтна прызначаны дзень святкавання. Але сёння, 20 траўня, у Жыровічах нікога няма, толькі Ікона Божай Маці ва Ўспенскім саборы аберагае вернікаў ад страшных хваробаў. А мы будзем маліцца, каб хутчэй усім разам сабрацца ў Жыровічах і адзначыць два светлых і вялікіх юбілеі.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён
Фота аўтара