У Дзярэчыне хочуць адкрыць гістарычны музей Сапегаў
У вёсцы Дзярэчын Зэльвенскага раёна вяскоўцы хочуць адкрыць гістарычны музей Сапегаў і іншых знакамітых дзярэчынцаў. Пра гэта на агульным сходзе вяскоўцаў прапанову агучыла начальнік ідэалагічнага аддзела Зэльвенскага райвыканкама Галіна Раманчук.
Па словах спадарыні Раманчук, дзярэчынскі край мае даволі багатую гісторыю. Ужо на сённяшні дзень сабрана шмат каштоўных матэрыялаў, звязаных найперш з Сапегамі.
Сапраўды, мястэчка Дзярэчын толькі ў XVII cтагоддзі славілася сваім тэатрам, дзе ставіліся класічныя оперы, функцыянавала вайсковая акадэмія, была вялікая калекцыя старадрукаў, шэдэўраў жывапісу ды іншых твораў мастацтва. Дзярэчын славіўся сваім паркам, які называлі “малым Версалем”. Ён разам з палацам Сапегаў займаў 18 гектараў зямлі. Славіўся Дзярэчын і бібліятэкай Сапегаў. Па колькасці кніг яна займала другое месца ў Рэчы Паспалітай пасля радзівілаўскай. Сапегаўскі кнігазбор з’яўляўся адным з найкаштоўнейшых скарбаў тагачаснай Беларусі. У Дзярэчыне знаходзілася і сама рэзідэнцыя Сапегаў.
Па словах Галіны Раманчук, пакуль музей плануецца стварыць у будынку сельсавета.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён
Фотаздымкі старога Дзярэчына з прыватнай калекцыі аўтара.