У Дзярэчыне пачынаецца Космас
“У Дзярэчыне пачынаецца Космас, як і ў кожным іншым пункце часапрасторы. Варта толькі паслухаць і пачуць…”.—напісаў у прадмове да новага зборніка вершаў Генадзя Коўша “Вершадумкі” (Гародня. ЮрСаПрынт, 2019) пісьменнік Лявон Вашко. Той самы Лявон Вашко, які ціха і спакойна жыве ў вёсцы Пладовая Мастоўскага раёна, і ў літаратурных тусоўках не прымае актыўнага ўдзелу. З-пад пяра Лявона Вашка выйшлі добрыя кнігі “Еўрапейскія гісторыі”, “Паэты – цары”, “Гістарызацыя свядомасці”, “Маленькі сшытак Лявона Вашка” і іншыя.
Даўно павінен быць у Саюзе пісьменнікаў і аўтар “Вершадумак” Генадзь Коўш з вёскі Дзярэчын Зэльвенскага раёна.
Ён напісаў і выдаў ужо 6 кніг. Але Генадзь не лезе ў вялікія літаратары. Ён працуе на зямлі, а ў вольны час піша тэорыю найноўшага часу пра ўзнікненне продкаў беларусаў, разважанні пра літвінаў, а таксама запісвае і свае вершадумкі. Гэтыя вершадумкі і склалі яго новую кнігу.
Вершадумкі Генадзя Коўша – гэта кароткія афарыстычныя занатоўкі яскравых і імклівых імгненняў натхнення. Сам аўтар у прадмове да вершаў вызначае свой космарух, як паэтызаванасць думання. Таму ў сваіх “Вершадумках” паэт спрабуе адчуць і зафіксаваць ціхі подум часу і сусвету:
Дзярэчын. Роднае мястэчка. Калі прыедзеце ў Дзярэчын, Паглядзіце на неба. Яно тут блізка.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён