У дзяржаўных кнігарнях Гародні няма кніг Алексіевіч
У дзяржаўных кнігарнях Гародні адсутнічаюць кнігі лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 2015-ты год Святланы Алексіевіч. Яе выданні можна набыць толькі у прыватных кнігарнях, большасць з якіх мае ў наяўнасці ўсе пяць кніг пісьменніцы. Недахоп кніг тлумачыцца як істотным падвышэннем попыту, так і нежаданнем беларускіх уладаў прасоўваць творчасць пісьменніцы, якая крытычна выказваецца ў іх бок.
Як зазначае гарадзенка Лізавета Мерляк, незразумелая сітуацыя ў кнігагандлі не павінна быць прычынай абмежаванасці доступу да твораў першай беларускай набелісткі:
– Беларусь ва ўсім свеце будуць успрымаць праз Святлану Алексіевіч. Беларусь людзей, у якіх ёсць свае праблемы. Беларусь маленькага чалавека, які ўсё жыццё змагаецца і пакутуе. Усе ў Беларусі мусяць ведаць сваіх герояў, а Святлана Алексіевіч, я лічу, – наш герой.
Кнігі Святланы Алексіевіч, якія знаходзяцца ў продажы, надрукаваныя расейскімі выдавецтвамі. На радзіме лаўрэатка Нобеля знаходзіцца пад забаронай, а яе кнігі дзяржаўныя выдавецтвы не друкуюць.
Беларускае Радыё рацыя, Гародня
Фота pro-books.ru