У дзяржвыдавецтве ўпершыню выдадзены зборнік вершаў паэта Зьніча



Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і духоўны паэт Зьніч (Алег Бембель, манах Іаан) летась адзначыў 80-годдзе.

Больш за два дзесяцігоддзі ён жыве ў Жыровічах, якія натхняюць яго на паэтычныя творы. За ўласныя сродкі і сродкі фундатараў ён выдаў кнігі вершаў “Саната ростані”, “Рэха малітвы”, “Між тэктанічных пліт…”, “Малітвы за Беларусь”, “Крэсіва” і іншыя. Але ў дзяржаўным выдавецтве за 80 гадоў не пабачыла свет ніводная кніга паэта. І вось сёлета ў лютым у дзяржаўным выдавецтве “Мастацкая літаратура” ўпершыню з’явілася  кніга вершаў Зьніча “Святло з Жыровіч”, куды ўвайшлі лепшыя творы паэта.

У прадмове да кнігі протаіерэй Сергій Лепін адзначыў, што “ў сваёй творчасці манах Іаан па-хрысціянску асэнсоўвае лёсы чалавека і чалавецтва, грамадстваў і краін, спалучае патрыятычны пафас з духоўнай лірыкай”. І гэта сапраўды так. Але ж скразною лініяй творчасці паэта праходзіць яго беларуская нацыянальная ідэя – гэта Валадарства Божае на беларускай зямлі. І найперш – праваслаўная Беларусь. Ёй і прысвечаны амаль усе вершы новага зборніка паэта з Жыровічаў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя