У Дзятлаве гутарылі пра Скарыну і Дварчаніна
Нават і ўспомніць не змаглі бард і журналіст Зміцер Бартосік, а таксама пісьменнік, гісторык і краязнавец Сяргей Чыгрын, калі яны апошні раз выступалі ў школах Дзятлава. Але, дзякуючы дзятлаўскаму былому педагогу Валерыю Петрыкевічу, такія дзве сустрэчы адбыліся ў Дзятлаўскай гімназіі № 1 і Дзятлаўскай сярэдней школе № 3 у пятніцу 11 лістапада.
Валерый Петрыкевіч пазнаёміў сваіх землякоў з гасцямі і першым слова ўзяў Сяргей Чыгрын. Ён прэзентаваў сваю кнігу пра Дзятлаўшчыну “На радзіме Ігната Дварчаніна”. Сапраўды, Дзятлаўшчына з’яўляецца радзімай выдатнага беларускага дзеяча нацыянальнага руху, паэта, літаратуразнаўца Ігната Дварчаніна (1895-1937), якога знішчылі ў сталінскіх лагерах. У 1926 годзе ён абараніў дысертацыю на тэму “Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве”. Склаў і ў 1927 годзе выдаў у Вільні “Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры (ад 1905 года)”, у якой змешчаны творы беларускіх пісьменнікаў, дадзены кароткія каментарыі пра іх жыццёвы і творчы шлях. У цэнтры Дзятлава стаіць помнік Ігнату Дварчаніну. Пра ўсё гэта распавёў Сяргей Чыгрын школьнікам і настаўнікам. А Зміцер Бартосік яго выступленні дапаўняў патрыятычнымі і жартоўнымі песнямі, якія шчыра віталіся апладысментамі. І ў гімназіі, і ў школе дзеці і настаўнікі прасілі, калі такія сустрэчы ў іх навучальных установах адбываліся часцей, бо так, як госці, у Дзятлаве па-беларуску ніхто не размаўляе. Таму ёсць у каго павучыцца.
[Not a valid template]
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава
Фота аўтара