У Дзятлаве мастак прэзентаваў свае творы, прысвечаныя Астрожскаму
У наступным годзе ў Дзятлаве плануецца паставіць помнік ці бюст заснавальніку Дзятлава, найвышэйшаму гетману Вялікага Княства Літоўскага Канстанціну Астрожскаму (1460-1530).
Беларускі скульптар і кераміст Мікалай Несцярэўскі, які шмат гадоў пражыў у Дзятлаве і падараваў Дзятлаўскаму музею каля 300 сваіх прац, прапанаваў дзятлаўчанам некалькі сваіх праектаў, прысвечаных Канстанціну Астрожскаму. Прэзентацыя гэтых праектаў адбылася ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі.
Прэзентацыю твораў Мікалая Несцярэўскага шчыра вітаў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік. Сам мастак пазнаёміў прысутных са сваімі працамі, прысвечанымі Канстанціну Астрожскаму, якія, у прынцыпе, і могуць легчы ў аснову будучага помніка. Гэта – кампазіцыя з трох стэл з барэльефам Астрожскага і гербам Дзятлава, бюст гетмана і жывапісны партрэт.
Усе прысутныя пазнаёміліся з працамі свайго земляка, выказалі свае думкі і меркаванні. Таму ў бліжэйшыя месяцы будзе прынята адпаведнае рашэнне наконт ушанавання памяці заснавальніка Дзятлава. Тым больш, што дазвол з вялікіх інстанцый ужо ёсць. Сам мастак прапанаваў у Дзятлаве перайменаваць вуліцу Фрунзе ў вуліцы Канстанціна Астроскага і на гэтай вуліцы ўстанавіць бюст гетмана, а на ўездзе горада – мемарыяльную стэлу.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава
Фота аўтара