У Дзятлаве прэзентавалі альбом мастака і паэткі
У Дзятлаўскім краязнаўчым музеі адбылася прэзентацыя прыгожага і цікавага альбома двух аўтараў – мастака Івана Козела і дзятлаўскай паэткі Алены Абрамчык.
Альбом мае назву “Вабяць родныя прасторы”, які сёлета пабачыў свет у Гародні. Ён складаецца з рэпрадукцый карцін Івана Козела і вершаў да гэтых твораў Алены Абрамчык.
Падчас прэзентацыі дзятлаўчане павіншавалі Івана Козела з 60-годдзем, пажадалі яму плёну і новых мастацкіх твораў. А потым суаўтарка Алена Абрамчык узяла “у свае рукі” правядзенне ўсёй прэзентацыі. Вядучая адзначыла, што “творчасць Івана Козела прывабіла яе шчырасцю пачуццяў, эпічнасцю падачы краявідаў Дзятлаўшчыны і Беларусі ўвогуле. Праз працы мастака ідзе спасціжэнне гісторыі і традыцый беларускага народа, яго духоўнага свету, спасці манументальнасці прыроды, непаўторных, мілых сэрцу мясцін. Таму вершы пісаліся хутка і лёгка, на адным дыханні. Хацелася пакінуць дзятлаўчанам часцінку душы мастака і сваёй душы, разуменне нашай еднасці як нацыі, народа, землякоў”.
І гэта аўтарам альбома ўдалося. Пра аўтараў і альбом распавядалі дзятлаўскія краязнаўцы і музейшчыкі, супрацоўнікі Дзятлаўскага райвыканкама і проста сябры. Многія з іх атрымалі альбом з аўтографамі ў падарунак ад аўтараў.
Беларускае Радыё Рацыя