У філіяле Веткаўскага музея “пяклі ката”
У філіяле Веткаўскага музея “пяклі ката”, варажылі і танцавалі. Аднак ніводная жывёла ад гэтага не пацярпела. “Пячы ката” – гэта абрадавае ігрышча, у якое раней гулялі на Каляды ці ў перадкалядны пост. Падчас гульні да столі прывязвалі зробленага з булак, сала, каўбасы і гародніны ката.
І кожны нежанаты маладзён ці дзяўчына спрабавалі, падскокваючы, адкусіць частку. Загадчыца філіяла Веткаўскага музея Марыя Ганькіна распавяла, што ў гульню “Пячы ката” акурат гулялі ў перыяд крывых вечароў, калі нельга было працаваць.
– Усе людзі павінны былі адпачываць, весяліцца. Моладзь таксама, гэта яе пара, павінна была адпачываць, гуляць у гульні, танчыць. Гэты быў час, калі ў іх была магчымасць сустрэць сваю пару, бліжэй пазнаёміцца, каб ужо потым можна было ў бліжэйшы час выйсці замуж ці ажаніцца. Таму ў гэтым свяце шмат гульняў, шмат танцаў, шмат песень.
Абрадавае ігрышча “Пячы ката” мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя