У Флорыдзе жыў беларус Ян Пятроўскі



Да 115 угодкаў беларускага празаіка, перакладчыка, мемуарыста, рэлігійнага дзеяча і выдаўца Яна Пятроўскага (1905-2001)

 Вядомы беларускі эміграцыйны празаік, перакладчык, мемуарыст і выдавец Ян Пятроўскі да свайго 100-годдзя не дажыў чатыры гады. Гэты юбілей літаратурная Беларусь адзначыла ў студзені 2005 года. Розныя крыніцы дзень нараджэнне Яна Пятроўскага падаюць па рознаму. Але ў метрычнай кнізе Слуцкага сабора за 1905 год, копію якой усё жыццё захоўваў у асабістым архіве Ян Пятроўскі, у першай частцы адносна народжаных пад № 17 мужчынскага полу, ёсць наступны запіс: “Студзеня 7 дня 1905 года ў мешчаніна места Слуцка Дзям’яна — сына Адама Пятроўскага і ягонае  праўнае жонкі Юстыны — дачкі Андрэя, абодвух праваслаўнага веравызнання, нарадзіўся і 7 студзеня 1905 года ахрышчаны сын Ян. Хрышчонымі бацькамі былі мяшчане места Слуцка: Ян — сын Сымон а Гурскі і панна Галена — дачка Мікалая Андрусевіча”.

Бацька рана памёр, таму гаспадыняй у доме была маці, дапамагаў ёй старэйшы брат Апанас. Акрамя яго ў сям’і Пятроўскіх было яшчэ сямёра дзяцей.

Вучобу Ян Пятроўскі пачаў у хатняй настаўніцы. Пасля вучыўся ў школе Свята-Троіцкага манастыра, а потым — у прыходскай школе.У 1919 годзе сям’я Пятроўскіх пераехала ў Вільню. Там Ян закончыў гімназію і адбыў службу ў польскай арміі. Атрымліваў веды ён яшчэ на адукацыйных падрыхтоўчых курсах, пасля ў школе падхарунжых. Была ў яго яшчэ адна найважнейшая школа — гэта школа роднай мовы. У сваёй невялікай аўтабіяграфічнай кніжачцы “На васьмідзесятыя ўгодкі” (Гэйнзвіл, ЗША, 1985 г.) Ян Пятроўскі напісаў: “Школа беларускае мовы — гэта школа адносна даўгалетняга майго жыцця. Першым і найлепшым маім прафесарам гэтае мовы была мая добрая маці гаспадыня Юстына Пятроўская. Пасля яе ішлі прафесары Р.Астроўскі са сваім правапісам беларускае мовы і Б.Тарашкевіч з беларускаю граматыкай…”. У 1931 годзе Ян Пятроўскі пераехаў з Вільні ў Варшаву і паступіў вучыцца ў пратэстанцкую Біблейскую школу ў Клярысаве. Пасля яе заканчэння працаваў год у Варшаве, а пасля пераехаў у Дзярэчын на Зэльвеншчыну. Тут ён за чатыры гады яшчэ бліжэй далучыўся сэрцам і душою да свайго народа, кожны дзень чуў родную мову і беларускія песні. Перыяд жыцця Яна Пятроўскага ў Дзярэчыне добра апісаў у сваёй кнізе “Дзярэчынскі дыярыюш” (Мн., 1999,с.121-123) Міхась Скобла: “У 1932 годзе ў Дзярэчын на службу прыехаў дваццацідзевяцігадовы мэтадыст эвангэлічнай царквы Ян Пятроўскі. Наняўшы кватэру ў местачкоўца Гурыноўскага, ён энэргічна ўзяўся за працу. Такім чынам, Божае слова гучала ў Дзярэчыне з вуснаў ксяндза Пачабыта, праваслаўнага святара і прапаведніка-эвангэліста… Ян Пятроўскі ў Дзярэчыне прапаведаваў ня толькі Хрыстовавае вучэнне. Ён шукаў падпішчыкаў на беларускія перыёдыкі, стварыў у мястэчку суполку Таварыства Беларускае Школы…

Прапаведніку ад Бога, энцыклапедысту паводле абсягу ведаў, паліглогу Яну Пятроўскаму бракавала ў мястэчку суразмоўцы, з якім можна было б пагутарыць на разнастайныя тэмы. Часам ён выбіраўся ў Слонім да Гальяша Леўчыка. Яны плавалі ў чоўне па Шчары, аглядалі гістарычныя камяніцы старога горада, вялі бясконцыя размовы пра беларушчыну…”.

Сапраўды, Ян Пятроўскі шчыра сябраваў з беларускім паэтам, музыкантам, мастаком і калекцыянерам са Слоніма Гальяшом Леўчыкам (Ільёй Міхайлавічам Ляўковічам). Даследуючы творчасць свайго земляка Гальяша Леўчыка, я аднойчы напісаў пісьмо Яну Пятроўскаму ў ЗША, каб ён прыслаў успаміны пра вядомага слонімца. Спадар Пятроўскі вельмі ўзрадаваўся майму пісьму са Слоніма. Менавіта Гальяш Леўчык і стаў прычынаю нашага шматгадовага сяброўства. Мы перапісваліся. А ў 1992 годзе Ян Пятроўскі запрасіў мяне да сябе ў госці ў горад Гэйнзвіл штат Флорыда. Тады амерыканская амбасада была яшчэ ў Маскве. І калі я паехаў у Расею па візу, супрацоўніца амерыканскага пасольства сказала, што я — патанцыйны эмігрант і візы не адкрыла. Не дапамагло нават тое, што Пятроўскі мне купіў білеты туды і назад, і я іх ужо трымаў у руках.

Ян Пятроўскі ніяк не мог зразумець, чаму амерыканцы не пусцілі мяне ў ЗША. Тады ён пазваніў, а пасля неяк напісаў, каб я ў Слоніме наглядзеў добры дом, які можна было б купіць. Ён хацеў у горадзе над Шчарай адкрыць сваю бібліятэку і архіў, перадаўшы з Амерыкі ўвесь свой літаратурны скарб, а таксама трымаць і фінансаваць невялічкі штат супрацоўнікаў. І каб гэтай бібліятэкаю бясплатна карысталіся ўсе беларусы. Мне такі будынак удалося знайсці, але ажыццявіць планы спадара Пятроўскага  не ўдалося. Па-першае, здароўе нашага суайчынніка з кожным днём пагаршалася, тым больш, што ён вельмі перажываў за раптоўную смерць і страту свайго 50-гадовага сына, а таксама любай жонкі Аліцыі. Па-другое, нехта з беларускага пасольства ў ЗША пачаў часта неведваць Пятроўскага і кантраляваць нашу перапіску, таму што многія лісты адзін да аднаго мы ўжо не атрымлівалі.

 

Цяпер вернемся да Гальяша Леўчыка, з якім шчыра сябраваў Ян Пятроўскі. Ян Дзям’янавіч прыслаў мне шмат цікавых, раней невядомых звестак пра майго земляка. Усе пісьмы Яна Пятроўскага захоўваюцца ў маім хатнім архіве. У адным з іх ад 15 кастрычніка 1993 года ён піша: “ У часе мае першае сустрэчы з Гальяшом Леўчыкам, ён пяяў мне пад гітару жартаўлівую песеньку, з якое засталася ў памяці маёй адна страфа, у якой Язэпка расказвае пра сябе:

         Як падрос я крышку,

         Ў школу стаў хадзіць,

         І настаўнік ў школе часта мне казаў:

         У цябе, Язэпка, разумна галава,

        Толькі ў Язэпкі розуму няма…”.

Цікавыя ўспаміны пра Гальяша Леўчыка пакінуў Ян Пятроўскі ў першым томе сваіх трохтомных “Мэмуараў” (Гэйнзвіл, ЗША, 1988-1996 г.г.). Ёсць там  і каштоўныя ўспаміны пра “Дзярэчын — малы Версаль”. Наогул, “Мэмуары” Яна Пятроўскага ахопліваюць усё ХХ стагоддзе, дзе аўтар апісвае і ўспамінае даваенныя Слуцк, Вільню, Варшаву, распавядае пра Антона Луцкевіча, пра беларускае жыццё на эміграцыі, пра гісторыю касцёла метадыстаў, а таксама пра Беларускі Харытатыўна-адукацыйны фонд, які стварылі Ян і Аліцыя Пятроўскія. Гэты фонд шмат зрабіў для развіцця беларускай культуры ў свеце.

Да пачатку другой сусветнай вайны Ян Пятроўскі быў абраны сакратаром Гадавой канферэнцыі на XVI Місійнай канферэнцыі Паўднёвай епіскапальнай метадыстычнай царквы ў Польшчы. А ў 1939 годзе ў Капенгагене ён прымаў удзел у пасяджэнні з нагоды аб’яднання метадысцкай царквы.

Калі пачалася вайна, Ян Пятроўскі з сям’ёй жыў у Вільні, а пасля ў Берліне, дзе на беларускай мове выдаў “Новы запавет”, а таксама нямецка-беларускі слоўнік. У 1946 годзе ў Аўстрыі выйшлі з друку дзве часткі яго англійска-беларускага і беларуска-англійскага слоўнікаў. А ў 1993 годзе гэтыя слоўнікі пабачылі свет у Менску ў незалежнай выдавецкай кампаніі “Тэхналогія”. У той жа Аўстрыі спадар Пятроўскі выдае яшчэ дзве паштоўкі. Адна з іх прысвечана Францыску Скарыну, а другая — Дню 25-га Сакавіка.

У 1953 годзе Пятроўскія эмігрыруюць у ЗША, дзе і пачынаецца іх шырокая, плённая творчая і выдавецкая справа. Ян Пятроўскі ўпершыню ў сусветнай беларустыцы перакладае і выдае на беларускай мове дыялогі грэчаскага філосафа Платона. У шасці асобных кнігах выйшлі з друку дыялогі “Абарона Сакратаса”, “Крытон”, “Файтон”, “Сімпазіён”, “Іён”, “Горгіяс”, “Протагорас”, “Гіппіяс вялікшы”, “Парменідас” і “Політэя”.  Па-беларуску выходзяць і філасофскія роздумы рымскага імператара Марка Аўрэліюса.

У 1987 годзе асобным выданнем выйшла з друку даследчая праца Яна Пятроўскага “Старажытная грэцкая клясыка”. А праз два гады праца нямецкага філосафа Карла Вільгельма фон Гумбольдта “Унутраная форма мовы”, якую пераклаў на беларускую мову Ян Пятроўскі.

Не кожная дзяржава можа пахваліцца выданнем, якое маюць сёння беларусы — двухтомны “Грэцка-беларускі слоўнік” Я.Пятроўскага.

Сабраў наш суайчыннік і выдаў у ЗША трохтомнік “Лепшых думак чалавека”, а таксама іншыя літаратурна-перакладчыцкія працы.

А яшчэ Ян Пятроўскі з 1962 да 1966 года выдаваў рэлігійна-метадыстычны часопіс “Сьветач Хрыстовае навукі”, выйшла ўсяго 24 нумары. А яго Харытатыўна-адукацыйны фонд меў яшчэ свой бюлетэнь “Анаграмы”, дзе інфармавалася пра дзейнасць і сутнасць фонду, пра яго мэты, задачы і пра тое, што рабілася супрацоўнікамі фонду.

Вось такім быў і застаўся ў гісторыі беларускай культуры і літаратуры беларус Ян Пятроўскі з Флорыды. Ён добра ведаў старажытную грэчаскую, польскую, англійскую, нямецкую, рускую, украінскую, чэшскую, лацінскую і вядома ж сваю родную беларускую мовы. Філосаф Платон у дыялогу “Горгіяс” казаў: “Найгоршае на свеце зло — гэта тварыць несправядлівасць, бо толькі несправядлівыя з’яўляюцца няшчаснымі”. А Ян Пятроўскі ад сябе дадае: “Я ніколі ў жыцці нікога не крыўдзіў, ды і не меў мэты каго-небудзь пакрыўдзіць”. Ян Пятроўскі ўсё жыццё пісаў і выдаваў па-беларуску кнігі, ён моцна любіў антычную філасофію і сваю Бацькаўшчыну. Таму даўно пара на роднай яму Случчыне ўшанаваць гэтае імя.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва аўтара