У Францысканскім кляштары ў Воршы з’явілася жыццё
Да 2007 году ў будынку былога кляштару Францысканцаў у Воршы жылі людзі. Пасля людзей адсялілі і доўгі час помнік стаяў нежылым.
Цяпер у сярэдзіне кляштарнага будынку запрацавала крама “Стары горад”, у якой прадаецца электратэхніка, а таксама керамічныя суверніры. У краме цікавы інтэр’ер – можна бачыць старажытную кляштарную цэглу.
Жылы корпус францысканскага кляштару пабудаваны ў 1714 годзе, пасля паўстання 1863 кляштар быў прыстасаваны пад турму, у 1920–30-я – рамеснае вучылішча. Касцёл святога Антонія з’яўляўся творам мураванай архітэктуры барока.
На фота: Рэканструкцыя працягваецца. Унутраны двор, рэшткі побыту людзей, якія мелі кватэры ў гэтым старажытным будынку.
Францысканскі касцёл, які быў каля кляштару, зруйнаваны ў канцы 1960-ых гадоў. На сённяшні дзень сталі вядомыя імёны тых, хто кіраваў руйнаваннем касцёла святога Антонія ў 60-ыя гады, які знаходзіўся на вуліцы Дамініканскай насупраць цяпер дзеючага касцёла Святога Язэпа. У архівах знайшліся і дакументы, паводле якіх гэтым людзям выпісваліся прэміі па 30 рублёў.
Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя