У галерэю „Арт-Беларусь” вярнулі канфіскаваныя па справе „Белгазпрамбанка” карціны



 З 23 чэрвеня сталічная галерэя „Арт-Беларусь” зноў прадстаўляе працы з карпаратыўнай калекцыі ААТ „Белгазпрамбанк”.

Як паведаміў БелаПАН куратар карпаратыўнай калекцыі „Белгазпрамбанка” Аляксандр Зіменка, наведвальнікі могуць зноў убачыць працы Восіпа Цадкіна, Марка Шагала, Хаіма Суціна, у тым ліку знакамітую „Еву”.

„Калекцыя, канфіскаваная ў банка год таму ў рамках крымінальнай справы, вернутая. Цяпер яна даступная для гледачоў”, — пацвердзіў БелаПАН прэс-сакратар „Белгазпрамбанка” Павел Канаш.

У абноўленай экспазіцыі галерэі прадстаўлены творы жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кніжнага друку — усяго больш за 50 арт-аб’ектаў. Новая экспазіцыя прысвечаная гісторыі беларускай культуры перыяду XVI—XX стагоддзяў. Сярод навінак — шэсць унікальных работ удзельнікаў віцебскага творчага аб’яднання УНОВІС (1920—1923) пад кіраўніцтвам Казіміра Малевіча: Яўгеніі Магарыл, Дзмітрыя Саннікава, Яфіма Раяка, Льва Юдзіна.

Год таму 11 чэрвеня ў галаўным офісе „Белгазпрамбанка” і шэрагу іншых кампаній прайшлі вобшукі. Тады Камітэт дзяржкантролю заявіў аб распачынанні крымінальных спраў у дачыненні да экс-кіраўніка банка Віктара Бабарыкі і топ-менеджараў — па ч. 3 арт. 235 КК (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і па ч. 3 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры).

14 чэрвеня тэлеканал „Беларусь 1” паведаміў, што да крымінальнай справы „Белгазпрамбанка” далучана 150 карцін агульным коштам каля 20 млн даляраў. „Ёсць інфармацыя, што іх рыхтавалі да тэрміновага вывазу за мяжу, — сказаў вядучы. — Сапраўдны кошт гэтых актываў можа быць куды вышэйшым, можна толькі ўявіць, за колькі яны былі прададзеныя на аўкцыёнах”.

На пікеце па зборы подпісаў за сваё вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты 15 чэрвеня ў Бабруйску Віктар Бабарыка выказаў здзіўленне з нагоды гэтага ТБ-сюжэта. Паводле яго слоў, няма сэнсу вяртаць карціны ў краіну і выстаўляць на ўсеагульны агляд, каб потым вывозіць іх. Бабарыка адзначыў, што карціны належаць акцыянерам банка (асноўнымі з’яўляюцца расейскія „Газпром” і „Газпромбанк”).

На прэс-канферэнцыі 17 чэрвеня ў Менску міністр культуры Юрый Бондар заявіў, што карціны, канфіскаваныя ў „Белгазпрамбанка”, захоўваюцца ў належных умовах. На пытанне пра лёс палотнаў чыноўнік адказаў: „А хто сказаў, што гэтыя карціны захоўваюцца ў нейкіх нядобрых умовах цяпер? Гэтае пытанне сапраўды адносіцца да кампетэнцыі Міністэрства культуры і кантралюецца нашымі ўпаўнаважанымі спецыялістамі”.

З таго часу аб лёсе карцін не было ніякай інфармацыі.

belapan.by