У Гародні 18-ы раз выставяць на продаж былы Дом афіцэраў
У Гародні чарговы, ужо 18-ы раз выставяць на продаж былы Дом афіцэраў. Будынак на вуліцы Ажэшкі беспаспяхова спрабуе прадаць Камітэт дзяржаўнай маёмасці. Каштуе пабудова 1 мільён 259 тысяч 785 рублёў.
Новы ўласнік мусіць правесці капітальны рамонт і ўвесці будынак у эксплуатацыю не пазаней як праз чатыры гады з дня заключэння дамовы куплі-продажу. Сярод абавязковых умоў пры набыцці будынка — падпісанне ахоўнага абавязацельства на матэрыяльную нерухомую гісторыка-культурную каштоўнасць. Заяўкі на аўкцыён прымаюцца да 2 лістапада. Аўкцыён адбудзецца 8 лістапада, піша „Будзьма”.
Першы камень у падмурак будучага „Doma Strzelca” ў стылі польскага канструктывізму ў 1930 годзе заклаў тагачасны прэзідэнт Польшчы. У верасні 1939 года ад савецкіх войскаў тут абараняліся вучні польскіх гімназій, некаторых з якіх пазней расстралялі. У 1965 годзе было прынята рашэнне аб зносе некаторых будынкаў у акрузе і прыбудове да Дома афіцэраў канцэртнай залы на 800 чалавек. Яе ўзвялі ў 1973 годзе. Доўгі час яна з’яўлялася галоўнай канцэртнай пляцоўкай у Гародні з самай вялікай сцэнай у горадзе. Яшчэ нядаўна ў будынку адбываліся канцэрты гарадзенскіх рок-гуртоў.
Фота: s13.ru