У Гародні адкрыецца Цэнтр рамёстваў
Цэнтр рамёстваў у Гародні павінен адкрыцца ўжо 20-га траўня. Месца размяшчэння цэнтра – вуліца Рэйманта, 12. У Гэтым доме калісьці жыў партыйны функцыянер Леанід Кляцкоў. Гародня была адзіным абласным цэнтрам Беларусі, у якім не было адмысловага цэнтра для рамеснікаў. Кажа прафесар Вячаслаў Швед, адзін з ініцыятараў міжнароднага інвестпраекта, дзякуючы якому ў Гародні паўстае Цэнтр рамёстваў:
– Тут будзе знаходзіцца цэлы двор майстроў, дзе будуць майстэрні, дзве выставачныя залы: адна пастаянная, а другая будзе мяняцца, дзе кожны майстар зможа выставіць сваю прадукцыю. Гэта будзе выстава-продаж. Будзе выпушчана брашура, звязаная народнымі майстрамі, а таксама невялічкая кніжка па гісторыі рамяства ў Гародні.
Кніга пра лакальную гісторыю рамёстваў ужо падрыхтавана. Яна выйшла на сямі мовах для турыстаў, якія наведаюць Гародню. Цэнтар рамёстваў ствараецца паводле праекту транспамежнай супрацы Беларусь-Латвія–Літва “Адраджэнне і захаванне культурнай ды гістарычнай спадчыны ў Дзвінску і Гародні.”
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота grodnonews.by