У Гародні адкрыецца выстава «Дажынкі» Жанны Капуснікавай
Цэнтр гарадскога жыцця і арт-галерэя „Крыга” запрашаюць на выставу Жанны Капуснікавай – „Дажынкі” #uCentry Hrodna.
З велізарнага мноства святаў на зямлі, свята ўраджаю – хіба што самае важнае, добрае і шчырае. Яно мае розныя назвы, але спрадвеку ва ўсіх народаў і культурах нясе адну сутнасць: упэўненасць, што праца чалавека не была дарэмнай. І хоць гэтая праца была цяжкай – яе вынік быў бачны, а таму яна прыносіла радасць ды спараджала веру ў лепшае заўтра. Гэта надавала жыццю сілу і сэнс.
“Дажынкі” – адна з найбольш распаўсюджаных назваў свята ўраджаю ў Беларусі.
Дэманстрацыя першай часткі арт-праекту Жанны Капуснікавай “Дажынкі” адбылася ўвосень 2013 года. Творца паспрабавала збіць фальшывы пафас са свята, тым самым вярнуць яму хаця б частку сапраўднага значэння і “рэабілітаваць” яго назву. Таму і назвала праект менавіта так. Тая выстава атрымалася яркай, радаснай і светлай. Арт-крытыкі і журналісты называлі яе ўтопіяй, з чым Жанна не зусім згаджалася і гатовая была з запалам працягваць “культываваць” гэтую тэму.
Адкрыццё другой часткі арт-праекта пад назвай “Другія Дажынкі” адбылося ў лістападзе 2015 года. На выставу былі адабраныя працы з папярэдняга праекта і 10 новых, створаных у 2014-2015 гг. Выяўленчая мова засталася той самай, але “Другія Дажынкі” атрымаліся іншымі і пераўтварыліся ў антыўтопію. А аб’яднанне ў адной экспазіцыі двух полюсных канцэпцый дазволіла найбольш ярка сфармуляваць пасыл: незалежна ад поглядаў і прыхільнасцяў усіх жывых людзей аб’ядноўвае тое, што яны пакуль жывыя. Гэтая ж драматургія захаваная і ў цяперашняй выставе ў Гародні.
На суд гарадзенцаў адабраны тры работы з першай серыі “аграрамантычнага серыяла Дажынкі”, пяць работ “антыўтопіі” і адна работа з серыі “Марсіянскі лапiк” – трэцяй часткі праекта.
Адкрыццё выставы – 21 жніўня ў 18.30. Яна працягнецца да 18 верасня. Уваход вольны. Выстава будзе працаваць штодзённа, акрамя нядзеляў, ад 10-й да 19-й гадзіны.