У Гародні адкрыўся ўнікальны музей пошты



На гарадзенскім паштамце адбылося адкрыццё экспазіцыі ўнікальнага музея сувязі. Прадметы для экспазіцыі цягам апошніх некалькіх гадоў збіралі супрацоўнікі „Белпошты”.

Пра адметнасць музея распавядае кіраўнік аддзела маркетынга гарадзенскага філіяла „Белпошты” Юры Карпач:

– У экспазіцыі прадстаўлена больш за 300 экспанатаў, некаторыя з іх унікальныя і з’яўляюцца адзінкавымі для нашай краіны. Можна будзе пабачыць лісты, фотаздымкі, паштовыя штэмпелі, форму паштальёнаў розных часоў ды шмат чаго іншага. Разам з экспазіцыяй адкрываецца і сувенірная крама „Паштавік”, дзе прадстаўлены шырокі асартымент сувенірнай і філатэлістычнай прадукцыі. Асноўнай канцэпцыяй экспазіцыі з’яўляецца папулярызацыя гісторыі і традыцыі паштовага аддзела на Гарадзеншчыне.

На думку краязнаўца і філатэліста Алеся Госцева, адкрыццё музея пошты – гэта знакавая падзея для горада:

– Гэта значная падзея для горада таму, што пошта заўсёды адыгрывала значную ролю ў жыцці людзей. Асабіста для мяне вельмі важная падзея таму, што я і сам не проста філатэліст, але збіраю розныя матэрыялы, якія звязаны менавіта з гарадзенскай поштай. Гэтая калекцыя ўжо прынесла мне некалькі залатых медалёў на выставах.

На адкрыццё выставы завітаў міністр сувязі Рэспублікі Беларусь, таксама, сярод іншых, прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады ды вяікая колькасць збіральнікаў паштовых марак.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня