У Гародні адзначаюць 95-годдзе Аляксея Карпюка
У Гародні пачаліся мерапрыемствы, звязаныя з 95-мі ўгодкамі з дня нараджэння Аляксея Карпюка. Пісьменнік нарадзіўся ў вёсцы Страшава, што каля Гарадка на Беласточчыне.
Дзякуючы Карпюку у 1960-1970-х гадах у Гародні ўзнік своеасаблівы клуб вольнадумнай інтэлігенцыі. У савецкі час Карпюк працаваў журналістам у розных выданнях, а ў канцы 70-х – пачатку 80-х гадоў ХХ стагоддзя стаў першым дырэктарам Рэспубліканскага музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў Гародні, сучаснага Гарадзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі. Менавіта ў сценах гэтага музея і адкрылася першае юбілейнае мерапрыемства – выстава памяці пісьменніка.
Распавядае дачка пісьменніка Валянціна Карпюк:
– Гэтая выстава для мяне, маёй сястры, брата вельмі значная, таму што ў гэтым годзе спаўняецца 95 год нашаму бацьку. Мы вельмі ўдзячныя музею, за іх памяць пра яго, не толькі як пра кіраўніка гэтага музея, але як чалавека. Бо тут прадстаўлены рэдкія дакументы і фотаздымкі, якія адлюстроўваюць яго адукацыю. Ніколі яны не былі так разам, і ад года да года прадстаўлены. А таксама частка яго жыцця, якое складаў гэты музей. Ён быў захоплены стварэннем гэтага музея, частку сваёй душы пакінуў яму.
У красавіку гарадзенцаў чакае круглы стол, на якім будуць запрошаныя пісьменнікі і літаратары, якія ведалі Аляксея Карпюка. Да сённяшняга дня няма мемарыяльнай шыльды, на якой быў бы ўшанаваны Аляксей Карпюк.
Толькі нядаўна адна з новых вуліц у новым мікрараёне была названая імем Аляксея Карпюка.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя