У Гародні адзначылі 30-годдзе аднаўлення герба горада



Гістарычная вечарына „Старонкі гісторыі гарадскога герба” адбылася 15 чэрвеня ў інтэлектуальным клубе “Паходня ісціны”, што ўжо традыцыйна ладзіцца ў памяшканні Гарадзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя Макаёнка. 

Вечарына была прысвечана 30-годдзю аднаўлення гістарычнага герба горада – Аленя Святога Губерта. Сустрэчу вёў заснавальнік і кіраўнік клуба “Паходня Ісціны” краязнаўца Алесь Госцеў:

– Дата 15 чэрвеня 1988 года мне здаецца вельмі і вельмі важнай датай, таму што ў гэты дзень наш Гарадзенскі гарвыканкам зацвердзіў новы герб. Яго яшчэ можна назваць умоўна і савецкім гербам, таму што гэта было вяртанне аленя на гербовы шчыт нашага горада замест зубра. Але яшчэ не вярнуўся крыж паміж рагамі, а ўсталявалі прычым з парушэннем законаў геральдыкі чырвоную зорку.

На сустрэчу, прысвечаную гісторыі гарадзенскага герба, завітаў таксама вядомы беларускі гісторык Вячаслаў Швед:

– Вельмі добрая ініцыятыва з ягонага боку. Проста падзівіцца чалавеку, які мае час, рыхтуецца вельмі добра да гэтага. Заўсёды выступае з цікавымі прапановамі, ідэямі, а не толькі расказвае. І бачна, што тым, хто прыходзіць, гэта цікава. Яны задаюць пытанні, падыходзяць пасля заканчэння паседжання. Прыходзяць таксама гісторыкі і краязнаўцы.

На сустрэчу ў гарадзенскую бібліятэку імя Макаёнка завітала гэтым разам некалькі дзясяткаў гарадзенцаў рознага ўзросту, сярод якіх былі таксама і школьнікі з бліжэйшай школы №15.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня