У Гародні адзначылі 60-годдзе Сяргея Чыгрына (абноўлена)
У Гародні ў Цэнтры гарадскага жыцця адбылася творчая вечарына, прысвечаная 60-годдзю краязнаўцы і журналіста Сяргея Чыгрына. Гарадзенскія пісьменнікі і журналісты чыталі вершы і распавядалі пра асобу Сяргея Чыгрына.
Для жураналіста і публіцыста Уладзіміра Хільмановіча Сяргей Чыгрын – гэта чалавек энцыклапедычных ведаў.
– Сяргей Чыгрын наперш – гэта летапісец Слонімскай зямлі. Гэта краязнавец, які ўздоўж і ўпоперак пералапаціў усе матэрыялы, звязаныя са Слонімшчынай, аб’ездзіў усе мясціны, ўсе вёскі, хутары. Ён дасканала ведае Слонімшчыну, і па сутнасці ягоныя працы, калі скласці ў адно – атрымліваецца цэласная энцыклапедыя гісторыі Слонімшчыны.
На думку самаго юбіляра Сяргея Чыргына, галоўнае для творцы – гэта здароўе.
– Чалавек адчувае сябе так, як яму дазваляе здароўе. Калі мае здароўе, то і ў 30 гадоў, і ў 80 гадоў, і ў 90 гадоў будзе працаваць і будзе займацца сваёй любімай справай. А калі здароўя няма і ў 30, і ў 40 гадоў… бо вельмі шмат страчана сяброў.
Прадстаўнікі гарадзенскай суполкі Саюза беларускіх пісьменнікаў зрабілі юбіляру невялікі падарунак – бібліяграфічнае выданне, дзе прадстаўлены кнігі, што выдаваў Сяргей Чыгрын.
Для кіраўніка гарадзенскай арганізацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянціна Дубатоўкі Сяргей Чыгрын – вельмі значны для беларускіх пісьменнікаў чалавек.
– Адзін з самых выбітных, не толькі для нашай арганізацыі, але для ўсіх беларускіх пісьменнікаў. Чалавек вельмі значны. Справа ў тым, што іншага такога даследчыка, каб займаўся невядомымі пісьменнікамі і паэтамі, якія жылі тут, працавалі, перадусім у Заходняй Беларусі, а пра іх амаль ніхто не ведае, – проста няма.
На думку Янкі Трацяка, рэдактара часопіса “Новы Замак”, Сяргей Чыгрын – гэта чалавек рэспубліканскага масштаба.
– Сяргей Чыгрын на сённяшні дзень гэта чалавек маштабу не толькі Слонімскага раёну, або Гарадзенскай вобласці, я бы сказаў, што маштабу рэспубліканскага. Таму што столькі літаратуры, якая прайшла праз яго рукі, ён там з’яўляецца аўтарам, ён з’яўляецца рэдактарам, ён там піша прадмовы. Па сутнасці, што аб’ядновае гэта ўсё, гэта тое, што ён з’яўляецца выдаўцом гэтых кніг.
Юбіляр на вечарыне чытаў свае вершы і распавядаў гісторыі пра пошук спадчыны беларускіх літаратараў, а гарадзенскія пісьменнікі і паэты чыталі вершы пра Сяргея Чыгрына.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя