У Гародні дыскутавалі пра шляхі сучаснага мастацтва



У межах праекта “На шляху да сучаснага мастацтва” ў Гародні адбылася дыскусія, на якой мастакі Іван Русачак і Уладзімір Пазняк абмяркавалі з гарадзенцамі магчымыя тэндэнцыі мастацкага развіцця, яго накіраванасць як у межах краіны, так і сусвету. Актуальна гучала і пытанне самарэалізацыі таленавітых маладых мастакоў, для якіх першыя творчыя поспехі на думку Івана Русачака вельмі важныя з пункту гледжання ідэнтыфікацыі ў творчай прасторы:

– Мне здаецца, што той, хто гаворыць, што гэта немагчыма, ён сам сябе пазбаўляе гэтага. А калі чалавек чагосьці хоча, ён абавязкова знойдзе ручаіны. Сёння, трэба сказаць сумленна, свет адкрыты. Беларусь па-свойму адкрытая краіна. Ніхто нам не заміае ўдзельнічаць у конкурсах, удзельнічаць у выставах, як у Беларусі, так і за мяжой.

Галоўнымі мэтамі праекта “На шляху да сучаснага мастацтва” паводле яго заснавальнікаў з’яўляецца не толькі папулярызацыя актуальнага мастацтва ў Беларусі, але і пошук як маладых таленавітых куратараў выставаў, так і арт-журналістаў, здольных прафесійна працаваць у гэтым накірунку.

Беларускае Радыё Рацыя