У Гародні ідзе ўпарадкаванне харальнай сінагогі



У Гародні пачалося ўпарадкаванне харальнай сінагогі, што знаходзіцца ў цэнтры горада. Да працы па ачыстцы будынка ад будаўнічага смецця, што засталося пасля доўгага рамонту, далучыліся як польскія, так і беларускія валанцёры.

Пра іх працу распавядае кіраўнік гарадзенскай іўдэйскай  рэлігійнай абшчыны Барыс Квяткоўскі:

– Валанцёры працуюць у гэтым годзе ўжо другі раз. А супрацоўнічаем мы ўжо даўно. У мінулым годзе прыязджала вялікая група. Сёлета група меншая, да яе далучылася гарадзенская моладзь. Я вельмі ўдзячны нашым гарадзенцам і моладзі, якая прыехала з Польшчы, што выконваюць гэту працу, робяць яе ад душы, шчыра, без усялякай паказухі.

Пра працу каманды добраахвотнікаў распавядае адзін з валанцёраў Тэматэуш Рабінек:

– Прыехалі з Варшавы, каб дапамагчы. Стараемся мець добрую супрацу з гарадзенцамі. Цешымся, што можам тут быць і крыху дапамагчы.

Валанцёры вакол гарадзенскай сінагогі будуць працаваць яшчэ некалькі дзён. Апроч працы ў іх адбываюцца розныя сустрэчы. Напрыклад,  сёння яны мелі сустрэчу з Генеральным консулам Рэспубліка Польша ў Гародні Яраславам Ксёнжэкам.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня