У Гародні можа з’явіцца музей ВКЛ (абноўлена)



Мэр літоўскага горада Друскенікі Рычардас Малінаўскас падтрымлівае ідэю стварэння ў Гародні музея Вялікага княства Літоўскага і прапануе прыкласці сумесныя намаганні дзеля ажыццяўлення гэтай ідэі. Плануецца, што фінансавую падтрымку прадаставіць ЕЗ у межах рэалізацыі праектаў транспамежнай супрацы, якія, па словах Рычардаса Малінаўскаса, доўгі час паспяхова рэалізоўваюцца гарадамі-пабрацімамі –  Гародняй і Друскенікамі:

– Турызму гэта будзе служыць як у Гародні, так і ў Друскеніках. Будзем весці супрацу. І карыстацца з усіх магчымасцей фінансавання. Адзін перыяд фінансавання з еўразвязаўскіх фондаў скончыўся. Мы ў гэты перыяд зрабілі некалькі заявак разам з Гародняй як з горадам-пабрацімам. Мы як суседзі павінны рабіць шмат супольных праектаў.

Ідэю стварэння ў Гародні музея Вялікага княства літоўскага агучыў мэр горада Мечыслаў Гой.  Не выключана, што музей будзе створаны ў гістарычным будынку 18 стагоддзя – Доме віцэ-адміністратара, які месціцца на плошчы Тызенгаўза. Паспяховая рэалізацыя падобных праектаў у Гародні ўжо ёсць: за сродкі ЕЗ сёлета вясной быў адноўлены будынак, у якім месціцца цэнтр рамёстваў.

Беларускае Радыё Рацыя

* * *

У Гародні плануюць стварыць музей Вялікага княства Літоўскага. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня Гарадзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой. Музей ВКЛ, аналагаў якому няма пакуль у Беларусі, можа размясціцца ў цэнтры Гародні – у старым будынку Нацыянальнага гістарычнага архіва на плошчы Тызенгаўза.

3072141714_a683e01509_o

Будынак, пабудаваны ў другой палове XVIII стагоддзя, у мінулым дом гарадзенскага віцэ-адміністратара, пасля нядаўняга пераезду адтуль архіва, пустуе – яго лёс вырашаецца, да пошуку найбольш аптымальнага рашэння падлучаныя гісторыкі, архітэктары, шырокая грамадскасць.

„Мы вывучаем грамадскую думку. Хацелася б выкарыстоўваць будынак найбольш эфектыўна і ў той жа час адмысловым чынам. Разам з літоўскімі калегамі абмяркоўваем магчымасць стварэння ў будынку музея ВКЛ. Гэтая ідэя вельмі добрая для Гародни, якая ў складзе ВКЛ з’яўлялася фактычна другой сталіцай. Да таго ж такога музея пакуль у краіне няма, і стварэнне яго ў Гародні прыцягне турыстаў, станоўча паўплывае на імідж горада „, – сказаў Гой. Ідэя стварэння музея ВКЛ нарадзілася са зносін старшыні Гарадзенскага гарвыканкама з мэрам Друскенік.

„Нас падзяляе ўсяго 35 км, у нас агульная гісторыя. Мы сапраўды можам зрабіць гэта сумеснымі намаганнямі па адным з праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Ідэяй вельмі зацікавіліся абодва бакі, мы плануем шчыльна прыступіць да яе распрацоўкі, каб падаць заяўку ў праграмы на маючы адбыцца фінансавы перыяд „, – адзначыў Мечыслаў Гой.

Фота darriuss.livejournal.com