У Гародні — новая музычная пляцоўка
У старой гарадзенскай кавярні «Чэбурэчная», што ў самым цэнтры Гародні па вуліцы Ажэшкі, з’явіцца новая музычная пляцоўка. Штонядзелю ў памяшканні кавярні будуць граць «акустыку» розныя гарадзенскія музыкі, а таксама запрошаныя госці. Пад месца выступаў музыкаў адмыслова перарабілі частку кавярні, дзе раней знаходзілася так званая «VIP-заля».
Адным з арганізатараў пляцоўкі стаў гарадзенскі музыка Юры Дубовік:
— Гэта акустычная новая пляцоўка для музыкаў, якія могуць данесці сваю творчасць праз акустычны фармат, у двух ці трох. Таму, запрашаем усіх. «Жоўтая падводная лодка», Вольга Калмыкова, я — Юры Дубавік выступаў і плануецца яшчэ мноства выступаў.
У Гародні для музыкаў цяпер склалася дзіўная сітуацыя: вялікіх залаў, дзе можна было б правесці вялікі канцэрт на 200-300 чалавек няма. Гарадзенская філармонія ужо амаль 10 гадоў знаходзіцца ў недабудаваным стане, таму музыкі спрабуюць засвоіць для выступу невялічкія памяшканні. Акустыка будзе ладзіцца «У чэбурэчнай», а невялікія панкаўскія канцэрты адбываюцца ў кавярні «Андэграўнд».
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня