У Гародні паказалі „Завядзёнку”



28 сакавіка ў Гарадзенскім абласным тэатры лялек прайшоў спектакль “Завядзёнка”. Яго паказала міжнародная творчая група NiMú Theatre, якая займаецца “пластычным тэатрам”.

Акторы з дапамогай пантамімы паказалі, як на каханне і рамантыку ўплывае будзённасць. Героі, спачатку захопленыя адно адным, паволі астываюць. Закаханыя, якія раней ўсё рабілі разам, пачынаюць жыць асобным жыццём. Затым яны асэнсоўваюць, што адбываецца, і спрабуюць вярнуць пачуцці. Ці змаглі яны зберагчы каханне, невядома. І ці не паўторыцца “завядзёнка” зноў?

NiMú Theatre – гэта акторы Ірэна Фас Фіта з Іспаніі і Ёганэс Штубенфоль з Германіі. Рэжысёркай спектакля стала беларуска Кацярына Аверкава, а музыку напісаў беларускі кампазітар Мацей Сабураў. Цікава, што адзінымі дэкарацыямі на сцэне былі стол, які ламаўся так жа, як адносіны закаханых, і белая прасціна. Гэта было адмыслова зроблена, каб глядач мог засяродзіцца на рухах і эмоцыях актораў. У асабліва напружаныя моманты ў зале можна было нават пачуць іх дыханне.

У планах групы некалькі фэстаў, а таксама праца над новай пастаноўкай.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня