У Гародні прадставілі новую кнігу Андрэя Павача “Гродзенскія гісторыі”



Прэзентацыя адбылася ў гарадской бібліятэцы імя Макаёнка і сабрала некалькі дзясяткаў аматараў гісторыі.

Пра кнігу распавядае выдавец Аляксандр Рыжы:

– Так здарылася, што кніга доўга ляжала ў нашым партфелі. Кожная кніга мае свой лёс і  час да выхаду. Прыемна, што дзякуючы таму, што яна трохі ў нас заляжалася, туды трапілі гэтыя файныя малюнкі Анжэя Трубіцкага.

Андрэй Вашкевіч, гарадзенскі гісторык, адзін з аўтараў кнігі, лічыць, што кніга “Гродзенскія гісторыі”  мае складаны лёс:

–  Тэксты адкладаліся ад розных праектаў. Напрыклад, сама назва “Гродзенскія Гісторыі”.  Калісьці даўно, можа дзесяць гадоў таму, мы прыдумвалі, што рабіць з нашым сайтам harodnia.com, і Андрэй прыдумаў такую тэму – гродзенскія гісторыі. Там было 4-5 тэкстаў. Я нават не ведаю, ці яны яшчэ ёсць на сайце. Памятаю, там было пра Патрыка Гарадзенскага, пра генерала Цыцыянава, які хацеў спаліць Гародню, але не спаліў, тыму што гарадзенцы яго каханку да яго паслалі. Таму гэтая назва круцілася даўно і пераўтварылася зараз у кнігу.

У кнізе расповеды пра вядомых і невядомых гарадзенцаў, пачынаючы ад караля Стэфана Баторыя і заканчваючы архіўнымі гісторыямі, якія сабраў Андрэй Чарнякевіч. Кнігу можна замовіць у друкарні ЮрсаПрынт і ў прыватных распаўсюднікаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня