У Гародні прадставілі ўнікальныя беларускія грошы (абноўлена)
Упершыню ў гісторыі Беларусі ў гарадзенскай “Цудоўні” прадставілі беларускія грошы 1993 года з выявай «Пагоні», якія так і не патрапілі ў абарачэнне. Прэзентаваў гарадзенцам гэтыя грошы бізнесоўца і мецэнат з Падароска Павал Падкарытаў. Іх ён набыў за 5,2 тысячы даляраў на адным з аукцыёнаў.
Пра ўнікальныя грошы распавядае Павал Падкарытаў:
– Калі гэтыя грошы існавалі як артэфакт, як з’ява палітычнага і грамадскага жыцця, то яны павінны быць даступныя для ўсіх. І прынамсі для грамадзян Беларусі. Яны мусяць ведаць пра іх. Доўгі час я лічыў, што гэтыя грошы цалкам знішчылі. Але, калі яны з’явіліся ў свеце, я падумаў, што іх трэба вярнуць у нейкі абарот.
Павал Падкарытаў хоча зрабіць ў Падароску Музей беларускай шляхты, і гэтыя грошы стануць адным з экспанатаў і ўпрыгожваннем калекцыі. Агулам у калекцыі беларускіх грошай 1993 года – 5 банкнотаў, і іх сапраўднасць пацьверджана адмысловым сертыфікатам.
[Not a valid template]
Таксама прайшла ўнікальная лекцыя, прысвечаная гісторыі беларускіх грошай. На сустрэчы ў «Цудоўні» магістр гісторыі , археолаг і нумізмат Андрэй Карач прадставіў тысячагадовы шлях грашовага абарачэння, пачынаючы ад першых грашовых адзінак.
Распавядае Андрэй Карач:
– Першыя манеты на тэрыторыі Беларусі з’явіліся ў канцы І стагоддзя нашай эры. Гэта былі рымскія дынары. Першы перыяд так і называецца – перыяд антычны ў гісторыі грашовага абарачэння. Потым ён змяніўся перыядам куфічнага дырхама, калі асноўны кірунак знешнеэканамічнай дзейнасці на нашых землях быў накіраваны на Усход. А наступны перыяд быў прадстаўлены заходнееўрапейскім дынарам, калі вектар змяніўся на Захад. Далей было біццё першых уласных манет ВКЛ у канцы XIV стагоддзя.
Па словах Андрэя Карача, адзіным горадам у Беларусі, дзе чаканілі грошы, было Берасце, а мясцовых грошай у гарадах Беларусі ў час розных перыядаў гісторыі не існавала.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня