У Гародні прадставяць успаміны з жыцця жыхароў гораду 30-40-х гадоў



У гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця 16 студзеня адбудзецца прэзентацыя кнігі журналіста выдання Hrodna.life, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Руслана Кулевіча „Гісторыі з гродзенскіх вуліц”.

Кніга складзена з успамінаў гарадзенцаў пра 30-40-ыя гады ХХ стагоддзя. Пра кнігу і яе герояў распавядае аўтар: 

– Героі кнігі – гэта гарадзенцы, карэнныя гарадзенцы, якія нарадзіліся тут яшчэ ў міжваенны час. Сярэдні ўзрост гэтых герояў 90 гадоў. Гэта не ветэраны вайны, гэта звычайныя гараджане, у якіх ніколі ніхто не браў інтэрв’ю.

Руслан Кулевіч ужо падараваў частку наклада сваім суаўтарам у якасці навагодніх і калядных падарункаў, і сталыя людзі былі вельмі здзіўленыя гэтым падарункам.

– Сярод іх 86-гадовы гарадзенец Данат Кур’яновіч. Гэта яго дом мы баранілі летам на вуліцы Міцкевіча ў Новым свеце. Ён сказаў, што вы першыя, хто звярнуў увагу на яго гісторыю. Гэта, бадай, лепшае, што я чуў у апошні час. Мне было вельмі прыемна. І ён падзякаваў сваімі творамі.

Журналіст абяцае, што на прэзентацыю завітаюць сталыя гарадзенцы, якія былі суаўтарамі кнігі, а таксама на прэзентацыі пакажуць у выглядзе міні выставы старыя здымкі Гародні сярэдзіны ХХ стагоддзя.

Беларускае Радыё Рацыя