У Гародні прайшла літвечарына да 175-годдзя Багушэвіча



На сустрэчу памяці закладальніка беларускай літаратуры прыйшлі выкладчыкі і студэнты Гарадзенскага ўніверсітэта, пісьменнікі і школьнікі. Вечарына пад назвай “Той люд жыве, што песні свае мае” прайшла 24 сакавіка.

Пра сустрэчу расказала  арганізатар Любоў Турмасава, загадчык аддзела краязнаўства:

  • Праз вечарыну мы хацелі ўшанаваць асобу Багушэвіча, якія быў пачынальнікам беларускай літаратуры і гісторыі. Трэба ганарыцца чалавекам, які прыклаў шмат намаганняў, каб зрабіць свой гарадзенскі край сапраўды беларускім. Да арганізацыі свята далучыліся студэнты, якія будуць чытаць вершы Багушэвіча. Мы хочам, каб яны вучыліся на лепшых узорах беларушчыны.

На вечарыне выступіў выкладчык ГрДзУ Аляксей Пяткевіч. Ён зазначыў, што ў савецкі час пра Багушэвіча гаварылі мала, бо яго нацыянальныя ідэі прыраўноўвалі да контррэвалюцыйных. А пры сённяшней уладзе захоўваецца энерцыя тых часоў.

  • Ён першы кінуў кліч: ”Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”, ён першы вызначыў этнічныя межы Беларусі ад Вільні да Чарнігава. Колас, Гарэцкі – іх мы добра ведаем і называем пачынальнікамі беларускай літаратуры. Але ж Багушэвіч працаваў на дзесяцігоддзі раней! Хоць можа сёння яго вершы, напісаныя ў традыцыях 19-га стагоддзя, здаюцца цяжкаватымі.

Расказаў Пяткевіч і пра сямейную драму Багушэвіча: ні жонка, ні дзеці не сталі паслядоўнікамі бацькі. Што праўда, жонка пасля яго смерці зберагала рукапісную спадчыну, якая потым знікла.

Ала Петрушкевіч, якая нядаўна сышла з ГрДзУ, “апраўдала” дзяцей паэта:

  • Быць беларусам на гэтай зямлі значыць прынесці сябе ў ахвяру. Гэта значыць страціць працу, еднасць з сям’ёй. У нас ёсць прыклад Камілы Марцінкевіч, якая прыняла ідэі бацькі. Яе чакалі суд, турма, сібір і, як вынік, скалечанае жыццё.

Таксама яна расказала пра сяброўства таленавітых паэтаў: Францішка Багушэвіча і Элізы Ажэшка.

  • Ісці па шляху беларушчыны няпроста. Выбірайце, юныя сябры! – звярнулася яна напрыканцы да моладзі.

Старшыня абласнога аддзела Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч і некаторыя гарадзенскія паэты прачыталі вершы, прысвечаныя Багушэвічу. Ансамблі “Заранка” і ансамль каледжа мастацтваў праспявалі песні на яго вершы.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня