У Гародні прайшла прэзентацыя кніг Дануты Бічэль і Андрэя Пяткевіча
У гарадзенскім цэнтры гарадскога жыцця прайшла вечарына з прэзентацыяй кніжак Дануты Бічэль „Дайсці да Каложы” і Андрэя Пяткевіча „Шчаслівым сканаць”.
Да выдання першай кніжкі паэта Андрэя Пяткевіча, які адышоў у 1995 годзе, спрычынілася Данута Бічэль.
Удзельнікі імпрэзы скарысталіся магчымасцю павіншаваць паэтку з 80-годдзем, якое яна адзначыла 3 снежня, букетамі кветак, мастацкімі гербарыямі, сувенірамі. А пасля паэтка расказала пра сваю новую кніжку.
– У „Дайсці да Каложы” пісала малітоўныя вершы на святы, якія мы святкуем. Яны аднолькавыя ў каталікоў і праваслаўных. Пачынаючы ад Вадохрышча і нашага ксяндза Казіміра Жыліса, які зараз у Варшаве. Ён яднаў праваслаўе і каталіцтва праз тое, што на Вадохрышча ён разам з маладымі праваслаўнымі святарамі скакаў у палонку.
Прафесар Аляксей Пяткевіч, выступаючы на прэзентацыі другой кнігі – „Шчаслівым сканаць”, прыгадаў, як у пачатку 2000-х гадоў рыхтаваў даведнік пра літаратараў Гарадзеншчыны, дзе прызнаў Андрэя Пяткевіча сапраўдным паэтам.
– Калі я рыхтаваў свой даведнік «Людзі культуры з Гродзеншчыны», куды ўключаў вядомых людзей, якія нарадзіліся ў гэтай вобласці, я ўключыў і біяграфію Андрэя Пяткевіча, хоць і не меў на гэта права. Прынцып быў такі: калі ўключаць літаратара, то абавязкова каб былі кнігі. Такіх, якія пішуць вершы, шмат. Але я ўключыў Андрэя і закончыў гэтую даведку словамі: «Ён падрыхтаваў зборнік вершаў пад назвай „Шчаслівым сканаць”».
Кніжка Андрэя Пяткевіча выйшла арганізацыйнымі і фінансавымі намаганнямі Дануты Бічэль. Рукапіс кніжкі перадаў для выдання літаратар Юрась Пацюпа, які прыехаў на імпрэзу з Менска.
Андрэй Пяткевіч – паэт Гарадзеншчыны, які памёр у 1995 годзе, пакінуў частку сваіх вершаў Юрасю Пацюпу, які зараз плануе выданне больш грунтоўнае, куды ўводуць не толькі вершы, але і ліставанне паэта.
[Not a valid template]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота і відэа аўтара