У Гародні праходзіць фестываль „Артыстычныя сустрэчы Гродна-Беласток”



У Гародні праходзіць фестываль „Артыстычныя сустрэчы Гродна-Беласток”. Гэта штогадовае свята, якое ладзіцца дзеля творчага яднаньня беларусаў і палякаў, якія жывуць па абодва бакі дзяржаўнае мяжы. У фэст прыехалі з Падляшскага боку калектывы з Гарадка і Чыжоў. Кажа ўдзельнік музычнага ансамбля „Чыжавяне” Яраслаў Бялькевіч:

— Мы спяваем такія песні, якія просяць арганізатары дадзенага мерапрыемства: польскія, беларускія, украінскія. Мы беларусы таму нам беларуская сарочка бліжэй да цела. У нашым сяле беларускую мову вывучаюць 100% дзяцей ў школе. Дзяржава спрыяе ў вывучэнні беларускай мовы.

Калектывы з Падляшша маюць шматгадовую гісторыю, сярод іх вакальныя групы, ансамблі. У рэпертуарах ня толькі народныя творы, але й песні на словы паэтаў сучаснасці.

Кажа Янка Карповіч, з Гарадка.

— Апошнім часам я напісаў песню на словы Уладзіміра Гайдука. Вельмі цудоўная песня выйшла. Мы яшчэ яе не выконвалі, яна ў часе апрацоўкі. На словы Ларысы Геніюш, знакамітай беларускай паэтэсы. Таксама песня над назвай «Чаўначок». Калісь у ткачых быў такі чаўначок. Яны ткалі і спявалі песні. І я на гэтую тэму таксама напісаў песню.

У фестывалі польскія песні выконвалі калектывы з Беларусі, а беларускія творы гучалі з вуснаў ансамбляў з Падляшша. Пацешылі гарадзенцаў і гасцей абласнога цэнтра народныя танцы беларусаў ды палякаў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя