У Гародні правяраюць этна-краму „Цудоўня”



За апошні час ужо тры кантрольныя інстанцыі наведалі з праверкамі этна-краму „Цудоўня”.

Пазапланавыя праверкі датычыліся тых, хто асабліва не хаваўся прызнавацца ва ўдзеле ў агульнанацыянальным страўку. Супраць уласніка крамы „Цудоўня” пажарнікі завялі адміністрацыйную справу паводле артыкула 23.56, прапанаваўшы закрыць гандлёвы пункт да часу, пакуль там не з’явіцца асоба адказная за тушэнне пажару. Таксама гэта асоба павінна прайсці платныя курсы пачатковых навыкаў супрацьпажарнай бяспекі.

Кажа Андрэй Несцяровіч – уласнік „Цудоўні”:

– У мяне ў руках позва для ўдзелу ў адміністратыўным працэсе па адміністратыўнаму правапарушэнню здзейсненаму. Што забаўна. Разам з гэтай позвай прыйшла прапанова ў якім напісана, што такі і такі падчас правядзення маніторынгу. Маніторынг – гэта асаблівая форма праверак, якія робяцца для таго, каб пазбавіць прадпрымальніка штрафаў, кажучы па-простаму. Па логіцы павінна было б быць вынесенае нейкае папярэджанне, зафіксаванае парушэнне, якое максімальна аператыўна можна выправіць.

Узнікае лагічнае пытанне: калі пажарнікі вымагаюць, каб пры індывідуальным бізнесе, у гэтай сітуацыі, пры краме, мусіць быць падрыхтаваны чалавек для тушэння адкрытага ўзгарання, то навошта тады МНС? Пры тым усім, што крама забяспечана сродкамі супраць пажарнай сігналізацыі. Андрэй Несцяровіч:

– Канешне, калі за пяць гадоў да цябе прыходзіць дзве праверкі з разбежкай часовай у адзін дзень – сёння адныя, заўтра другія. Сёння Міністэрства антыманапольнай дзейнасці і гандлю, заўтра знянацку з’яўляецца МНС. Гэта выглядае як мінімум, калі не сказаць болей. З іншага боку няма чаго здзіўляцца, няма чаго падазраваць. Было дадзена нейкае, хутчэй за ўсё вуснае, распараджэнне, пайшлі па няўгодных.

З такім бяспраўным падыходам, у плане без мэтавых праверак, абы застрашыць і аштрафаваць, калі не закрыць – не застанецца каму фінансаваць бюджэт, у тым ліку – пажарную службу.

Дарэчы, па іроніі, у час складання позвы 2-га лістапада, для названай крамы – у Гародні быў пажар на вуліцы Гаспадарчай, якая ўпрытык да Абласнога праўлення МНС. Людзей відаць не хапае, таму агонь шугаў.  Відаць пажарным важней выпісваць пратаколы і штрафы.

 Інспектар Басалай выпісаў позву па адміністратыўнаму правапарушэнню.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня