У Гародні прэзентавалі даведнік па гарадзенскай крэпасці
На прэзентацыю даведніка па пяці самых вядомых фартах гарадзенскай крэпасці ў чытальную залу бібліятэкі імя Карскага прыйшло больш паўсотні жыхароў гораду. Кніга распавядае пра збудаванні, якія абаранялі горад у перыяд І сусветнай вайны.
Пра свае ўражанні з сустрэчы распавядае адзін з аўтараў – гісторык Зміцер Люцік:
– Гэта было вельмі прыемна мне, як аўтару гэтай новай працы. Па-другое, хацелася б сказаць, што звычайна на такіх мерапрыемствах не выпадае разлічваць на пытанні. Таму што часцей за ўсё прыходзяць людзі, якія хутчэй не пагружаныя ў тэму, хутчэй прыходзяць дзеля інтарэсу і дзеля цікавасці. Але пытанні былі, прычым пытанні даволі цікавыя, і я бы сказаў, што невялікая гутарка ў нас атрымалася.
Па словах яшчэ аднаго аўтара кнігі – краязнаўцы Аляксандра Семенчука, працы па папулярызацыі гісторыі крэпасці будуць працягвацца:
– Гэты даведнік у нас з першага па пяты форт. Магчыма, мы напішам і пра іншыя фарты – з шостага па трынаццаты. У перспектыве ў нас ёсць і дапаўненне да кнігі, якая выйшла першай, яна не цалкам утрымлівае ўсю інфармацыю, якую мы сёння маем, пасля яе выхаду ў нас з’явілася шмат новага матэрыялу. Таму, калі мы знойдзем спонсара, то плануем выдаць кнігу з усім матэрыялам, які ў нас ёсць на сённяшні дзень.
Гэта кніга стала другім даведнікам і агулам трэцяй кнігай па фартам гарадзенскай крэпасці, што выдадзеныя супольнымі намаганнямі Аляксандра Семенчука і Зміцера Люціка. Аўтары спадзяюцца, што гэтае выданне з’явіцца ва ўсіх кнігарнях Гародні.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя