У Гародні прэзентавалі двухтомнік „Беларусы ў Сібіры”
У Гародні, у рамках 27-га Менскага міжнароднага кніжнага кірмашу быў прэзентаваны двухтомнік „Беларусы ў Сібіры”. Альманах выдадзены цюменскім рэгіянальным грамадскім дабрачынным фондам „Адраджэнне Табольска”.
Выданне прысвечана перапляценню гістарычных лёсаў беларусаў і расейцаў, якія засвойвалі бясконцыя прасторы Сібіры. Кажа Аркадзь Ялфімаў, выдавец з Табольска:
– Мы робім гэтыя дарагія кнігі, на дарагой мелаванай паперы, – яны цяжкія, каб ярка перадаць ілюстрацыі, усе тонкасці старой фатаграфіі, сучаснай фатаграфіі. І гэта ўсё дзякуючы нашым папячыцелям. Нашы кнігі і праекты практычна народныя. Нам не дапамагаюць ні нафтавікі, ні газавікі. А вось прадпрымальнікі нам ад чыстага сэрца дапамагаюць.
Хаця Табольск невялікі горад, мае ўсяго сто тысяч жыхароў, але ў самім Табольску і ў навакольных вёсках жывуць беларусы з часоў Сталыпінскай аграрнай рэформы, часоў савецкіх рэпрэсій і сучаснай нафта-газа здабычы. Галоўны рэдактар альманаху Юры Пермінаў мяркуе, што валоданне роднай мовы – прыкмета інтэлігентнасці чалавека.
– Сібірскія сяляне – гэта, атрымліваецца, самыя інтэлігентныя там пражываюць беларусы. Таму што амаль 150 год прайшло з часоў Сталыпінскай аграрнай рэформы. Туды прыйшлі беларусы, пабудавалі дамы, абзавяліся гаспадаркай, пусцілі там карані, але захавалі ўдалечыні ад сваёй адзінакроўнай гістарычнай Радзімы веданне мовы.
Тры камплекты кніжак „Беларусы ў Сібіры” засталіся ў Гародні, як падарункі выдаўцоў. Адзін з іх застанецца ў фондах абласной Бібліятэкі імя Яўхіма Карскага. Кнігі можна пачытаць ў інтэрнэце.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня