У Гародні прэзентавалі кнігу пра Давыда Гарадзенскага



Кніга пра вядомага кашталяна гарадзенскага замка Давыда сына Даўмонта Нальшанскага была прэзентаваная чытацкай публіцы ў дворыку этна-крамы „Цудоўня”.

Аўтар Мікалай Малішэўскі ў 200-х старонках сваёй працы ўмясціў вядомыя на сёння легенды пра Давыда Гарадзенскага, а таксама знайшоў крыніцы, якія згадваюць час і асобу славутага князя, падступна забітага ў 1326 годзе. Кажа аўтар, які знайшоў весткі пра Давыда Гарадзенскага ў заходніх кроніках:

– Кронікі саміх тэўтонаў. Гэта яшчэ пры жыцці Давыда. Афіцыйныя дакументы, напрыклад, пісьмо князёў Мазавецкіх Папу Рымскаму, дзе яны ў слязах на Давыда апошнімі словамі яго бэсцяць. Але гэта яшчэ пры жыцці нашага героя – 1325 год.

З працы вынікае, што пакуль быў жывы кашталян Давыд Гарадзенскі, тэўтонскія войскі не наважыліся напасці на гарадзенскі замак. Хаця да і пасля князя ажыццяўлялі перыядычныя выправы, калі замак пустошылі і шкодзілі. Увогуле гісторыя героя кнігі была мала вывучаная, і з’яўленне такой працы паглыбляе веды з лакальнай гісторыі.

Кажа выдавец кнігі Аляксандр Рыжы:

– Давыд Гарадзенскі ў нас таямнічая постаць, пра якога ўсе мы ведаем, але як гэта ўсё было дакладна, мы нічога не ведаем, на жаль. Таму гэта такая першая спроба зрабіць гэтую постаць больш матэрыяльнай, каб людзі больш ведалі, што гэта быў за чалавек. Бо асноўную частку кнігі складаюць менавіта пераклады сярэднявечных рукапісаў з нямецкай і лацінскай мовы.

Кніга „Давыд Гарадзенскі. Герой і легенда” гарадзенскага гісторыка Мікалая Малішэўскага выдадзена ў выдавецтве „ЮрсаПрынт”- „Літара”. Кніга напісана па-расейску. Набыць яе можна ў выдавецтве, на вуліцы Карла Маркса ў Гародні.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя