У Гародні прэзентавалі Тураўскае Евангелле



26 сакавіка факсімільную копію Евангелля перадалі ў Гарадзенскую абласную навуковую бібліятэку. На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі аблвыканкама, Гарадзенскай Праваслаўнай Епархіі і кіраўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Тураўскае Евангелле  XI ст. – самы старажытны рукапіс, створаны на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Ён змяшчае Евангелле і дадатковыя допісы. Рукапіс знайшлі ў 1865 годзе ў Тураве. Арыгінал Тураўскага Евангелля знаходзіцца ў Вільні – ў Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх. Пасля таго, як Беларусь стала асобнай краінай, беларусы з цяжкасцю могуць убачыць арыгінал. А вярнуць яго нават часова на Беларусь немагчыма.

Евангелле выдалі дзякуючы супрацы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і фірмы Xerox. Як расказаў Аляксандр Суша, намеснік дырэктара па навуковай і выдавецкай працы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, гэта добры прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Частку кніг перадалі ў гарадзенскія бібліятэчныя і навучальныя ўстановы, частка трапіць у свабодны гандаль.

Прадстаўнікі Гарадзенскай епархіі расказалі, што ў апошні час назіраецца бум факсімільных выданняў. У асноўным гэта кнігі духоўнага і павучыльнага зместу. “Хрысціянства ў свой час спрыяла развіццю кнігадрукарства і мастацтва”, – зазначылі яны.

Некалькі падобных выданняў плануюць выпусціць да 500-гадовага юбілею беларускага кнігадрукавання, які будзе святкавацца ў 2017 годзе. Таксама да юбілею пройдзе шэраг навуковых і выставачных мерапрыемстваў і выдавецкіх ініцыятыў.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя