У Гародні прэзентуюць чарговы нумар „Новага Замку”



У абласной гарадзенскай бібліятэцы імя акадэміка Яўхіма Карскага 19-га красавіка пройдзе прэзентацыя літаратурнага альманаху „Новы Замак”. Нумар рэдагаваў новы галоўны рэдактар Янка Трацяк. Да гэтага, цягам усіх гадоў існавання часопіса, галоўным рэдактарам быў Сяргей Астраўцоў. У новым нумары альманаху захаваліся амаль усе старыя рубрыкі, але з’явіліся і новыя. Кажа старшыня абласной арганізацыі Саюзу беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка:

– У “Новым Замку” намаганнямі Янкі Трацяка з’явілася такая старонка, дзе ідзе абмеркаванне тых кніг, якія выйшлі за год. Была такая традыцыя, што аўтары самі стараліся спрыяць выданню сваіх кніг, але між тым і Саюз беларускіх пісьменнікаў шмат чаго робіць, каб выдаваліся кніжкі нашых аўтараў. Літаратурнае жыццё на Гарадзеншчыне пачынае крышку дыхаць свежым паветрам. Справа ў тым, што з Сяргеем Чыгрыном і з некаторымі іншымі людзьмі зрабілі Паэтычны дзень гарадзенскай абласной паэзіі на Дзятлаўшчыне.

Чытачы змогуць набыць альманах „Новы Замак” падчас прэзэнтацыі, якая пройдзе а 18-й гадзіне 19-га красавіка, а таксама атрымаць аўтографы ад аўтараў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня