У Гародні пройдзе Другі фэст настольных гульняў
Аматары з ўсёй Беларусі змогуць не толькі пазнаёміцца з новымі гульнямі, але і пагуляць у іх. Колькасць аматарскіх клубаў настольных гульняў стала расце. Толькі ў Гародні іх шэсць. У забаўляльным цэнтры „Галактыка” фэст пройдзе 24-га і 25-га кастрычніка.
Кажа Антось Янкоўскі, адзін з лідараў руху настольных гульняў, аўтар гульні „Паўстанцы”.
– Такога фестывалю нідзе ў Беларусі больш няма. Наш займае рэйтынг самага галоўнага фестывалю настольных гульняў на тэрыторыі Беларусі, бо да нас з’язджаюцца з іншых гарадоў краіны. На фестываль у мінулым годзе прыйшло больш за тысячу чалавек: тых, хто гуляе ў настольныя гульні, і тых, хто хоча даведацца, што гэта такое. Такім чынам, цікавасць расце. За апошнія два гады ў нас з’явілася вельмі шмат кліентаў, якія прыйшлі да нас з розных гульнятэк, якія мы арганізоўвалі. Калі яны паспрабавалі, то зразумелі, што ім гэта цікава.
За апошнія гады паўстаў шэраг беларускіх гульняў: „Разам”, „Яшчарка”, „1514”, „Казачнік”. Будзе прэзентавана на фэсьце гульня “Мракаборцы”, паводле беларускага фальклёра. Антось Янкоўскі яшчэ сёлета плануе выдаць яшчэ дзве беларускія гульні, адну для дзяцей пра цмокаў і для дарослых, прысвечаную беларускай мове.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара