У Гародні пройдзе свята танца



Свята танца пройдзе ў Гародні 29-га красавіка. Менавіта гэты дзень прызнаны міжнароднай радай танца UNESCO  як Міжнародны дзень танца. 

Творчыя людзі Гародні, якія называюць сябе творчая прастора „Дом 46”, падрыхтавалі гэтае свята для кожнага аматара танца. Галоўнае мерапрыемства пройдзе а 18-ай гадзіне ў малой зале драмтэатра. Яўгенія Рамановіч, танцорка і акторка, расказала, чаму Гародня далучаецца да гэтага міжнароднага дня:

– Адметная дата, прысвечаная вядомаму харэографу Жану Жаку Навэру. Гэтае свята перадусім для танцоўшчыкаў. Мне падаецца, што свята для людзей, якія займаюцца танцамі, – гэта выступленні. І драмтэатр пайшоў нам насустрач і прадаставіў пляцоўку. Танцоры змогуць выступіць, паказаць свае працы. А для жыхароў Гародні – гэта магчымасць пабачыць новыя тэндэнцыі ў танцы, бо мы прывязём каманды з Віцебска і Менска.  

Завершыць свята танца майстар-клас, які пройдзе 30-га красавіка на пляцоўцы  „Дом46” па вуліцы Лелявеля, 46  па тэме „Справа звычкі”. На ім удзельнікі будуць даследаваць свае звычкі праз танец. Яго правядуць педагогі Валерыя Хрыпач і Ірыніка Басалаева.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня