У Гародні пройдзе творчая сустрэча з маленькімі чытачамі
У Гародні на беларускую творчую сустрэчу з літаратарамі запрашаюцца маленькія беларускія чытачы. Яна пройдзе апоўдні 23-га сакавіка ў Цэнтры гарадскога жыцця, плануемы пачатак – 12.00. Запрашаюцца дзеці дашкольнага і малодшага школьнага веку.
Мерапрыемства ладзяць дзве абласныя арганізацыі: Таварыства беларускай мовы і Саюз беларускіх пісьменнікаў. Дзеці не толькі сустрэнуцца з дзіцячым пісьменнікам, але і намалююць літары разам з мастаком. Гэта будзе інтэграцыйная сустрэча беларускамоўных дзетак і бацькоў, кажа Наталля Карповіч – каардынатарка сустрэчы.
– Каб мець магчымасць беларусам сабрацца ўсім разам, пазнаёміцца з творчымі людзьмі Гарадзеншчыны, паслухаць вершы, апавяданні, паспяваць беларускія песні і нават маляваць па-беларуску. Каб адчуць, што беларусы – адзіны народ, нас многа, мы маем і карыстаемся найвялікшым скарбам – нашай беларускай мовай. Усвядоміць сабе, што мы, беларусы, разумныя, адукаваныя і вельмі-вельмі таленавітыя.
Пасля дзіцячай імпрэзы пройдзе „дарослая” прэзентацыя альманаха „Новы Замак”, а таксама кнігі паэта Самсона Пярловіча. Уваход вольны.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня