У Гародні пройдзе вечар памяці Аляксандра Галіча
Савецкаму дысідэнту, барду, паэту Аляксандру Галічу прысвечана музычна-паэтычная вечарына, якая пройдзе 28-га кастрычніка ў актавай зале Свята-Пакроўскага сабору па адрасе Акадэмічная, дом 2, што ў Гародні.
Што азначае творчасць Аляксандра Галіча для яго слухачоў, аматараў яго творчасці? Кажа праваслаўны святар, айцец Павел Каспяровіч:
– Частка нас расла ў тых умовах, калі ў перыяд застою толькі творчасць вядомых савецкіх бардаў уплывала на нашае духоўнае станаўленне, развіццё як асоб, грамадзян. І Аляксандр Галіч – адзін з тых бардаў, якія ствараюць вялікую тройку савецкіх бардаў: Галіч, Акуджава і Высоцкі. Многія людзі раслі на песнях Галіча. Для мяне ў свой час яго творчасць была нейкім такім адкрыццём.
Аляксандр Галіч – адметная асоба. Паспяховы савецкі драматург і літаратар, свядома выбраў шлях пакутаў праз пошукі праўды. За гэта ён стаў выгнанцам і дысідэнтам, а пасля гіне на чужыне. Гэты трагічны яго Кон згадаюць на вышэй згаданай вечарыне, якая пройдзе а 18-ай гадзіне ў нядзелю, 28-га кастрычніка. Кажа айцец Павел Каспяровіч.
– Вельмі трагічны лёс і вельмі прыгожая паэзія. Знакава тое, што ў Аляксандра Галіча быў свой шлях да хрысціянства. За пару гадоў да яго выгнання ён свядома прыняў хрысціянства. Мы ведаем, што ён быў габрэем, яму было блізка іудзейства. І ён прыйшоў да хрысціянства. Хрысціў яго Аляксанрд Мень – таксама знакавая фігура, чалавек, які ўплываў на творчую інтэлігенцыю савецкага часу. І пра ўсё гэта мы будзем размаўляць, спяваць песні, чытаць вершы.
Уваход на імпрэзу, якая прысвечана стагоддзю Аляксандра Галіча, свабодны. У планах арганізатараў вечарыны правесці ў найбліжэйшы час мерапрыемства, прысвечанае творчасці вядомага беларускага паэта Адама Міцкевіча.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня