У Гародні прыбралі турыстычныя стэнды пра жыццё Элізы Ажэшкі
У Гародні прыбралі турыстычныя стэнды пра жыццё Элізы Ажэшкі. Гэта Hrodna.life пацвердзіў адзін з гарадзенскіх краязнаўцаў. Паводле згаданай крыніцы, таблічкі прыбралі не на рамонт і назад яны могуць не вярнуцца.
Турыстычныя стэнды з інфармацыяй пра Элізу Ажэшку ўсталявалі на вуліцах Гародні летам 2021 года. Іх адкрыццё прымеркавалі да 180-годдзя з дня нараджэння пісьменніцы. Усяго ў горадзе было 10 стэндаў. На іх была размешчаная інфармацыя на трох мовах: беларускай, англійскай і польскай.
Распрацоўкай праекта займаўся Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Фінансы на гэта вылучаў Еўразвяз.
У ліпені 2023 года з будынка гарадзенскага чыгуначнага вакзала знік памятны знак паўстанцам 1863 года. Замест яго ўсталявалі дошку прысвечаную савецкіх падпольшчыкам часоў Другой сусветнай вайны. У гарадзенскім гарвыканкаме на запыт жыхароў адказалі, што не ведаюць, куды знікла шыльда.