У Гародні размаўлялі пра гісторыю і аднаўленне Фары Вітаўта



У гарадзенскай бібліятэцы імя Макаёнка адбылося паседжанне інтэлектуальнага клуба “Паходня ісціны”, на якім гісторыкі і краязнаўцы размаўлялі пра Фару Вітаўта, яе гісторыю і перспектывы аднаўлення.

Краязнаўца Ігар Лапеха ўпэўнены, што Фару Вітаўта магчыма аднавіць:

– Аднавіць  можна на любы перыяд гэты храм, ён досыць лёгка аднаўляецца, акрамя самага першаснага – гэта канец 16-га стагоддзя, які адлюстраваны толькі на гравюры Томаша Макоўскага. І фактычна ўсё астатняе збольшага засталося на абмерных чарцяжах.

На думку Ігара Трусава, гісторыка архітэктуры, яшчэ не настаў час для гэтага аднаўлення:

– Рэч, якая называецца Фара Вітаўта, умоўна каменная, і Фара Вітаўта, якая  драўляная, яна адкладваецца. Бо вось вырасце другое пакаленне, у якога галава па-іншаму ўладкаваная, і магчыма не нам тут сёння вырашаць гэтыя складаныя праблемы. Гэта і каталіцкі, і праваслаўны храм. Ёсць магчымасць аднавіць у любым варыянце, або ў нейкім іншым варыянце, як вырашыць навуковы кіраўнік гэтага праекту.

Паседжанні “Паходні ісціны” ужо сталі традыцыйнымі ў гарадзенскай бібліятэцы Макаенка і яны прысвечаны розным гістарычным датам і знакамітым асобам Гарадзеншчыны.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня