У Гародні рыхтуюць пляцоўку пад помнік Давыду Гарадзенскаму



Пляцоўку пад помнік Давыду Гарадзенскаму пачалі рыхтаваць каля гарадзенскіх замкаў 23 жніўня. З пачатку жніўня аўтар будучай скульптуры Сяргей Аганаў прайшоў усе інстанцыі і прыступіў да стварэння помніка, які можа стаць падарункам для Гародні на Дзень горада.

Гэтая прапанова перамагла ў конкурсе. Так павінен выглядаць будучы помнік.

Нагадаем, эскіз Сяргея Аганава перамог у конкурсе праектаў. Найлепшую прапанову вызначылі ў Гродне 12 красавіка. Тады ў конкурсе ўдзельнічалі 13 прац. Грошы на стварэнне помніка ў Гародні вылучыў мецэнат Анатоль Карабач – заснавальнік мінскай фірмы “Хорс-Мотарс”, ураджэнец Краснасельскага, што пад Ваўкавыскам.

“Нядаўна мой праект прайшоў усе ўзгадненні і я прыступіў да працы, – распавядае Сяргей Аганаў. – Вялікі кавалак каменя нам прывезлі з Расіі, з Мансураўскага радовішча. На мой погляд, гэта добрае месца здабычы патрэбнага матэрыялу. Праца няпростая, шмат складанасцей. Аб тэрмінах выканання пакуль цяжка казаць, бо я прывык усё рабіць якасна. Але, як я зразумеў, пажадана ўсё зрабіць да канца верасня”.

Нагадаем, Гародня адзначыць сваё 889-годдзе 23 верасня.

Скрыжаванні вуліц Замкавай і Давыда Гарадзенскага. Месца дзе будзе стаяць помнiк Давыду Гарадзенскаму.

Помнік Давыду Гарадзенкаму размесціцца на скрыжаванні вуліц Замкавай і Давыда Гарадзенскага. Помнік будзе складацца з дзвюх частак: пастамент і сама скульптура. Вышыня скульптупы разам з пастаментам будзе складаць 3,75 м.

hrodna.life