У Гародні ўшанавалі памяць Чэслава Немана
У Гародні ўшанавалі памяць Чэслава Немана – вядомага польскага музыкі, які нарадзіўся на Гарадзеншчыне. Шыльда з барэльефам спевака ўсталявана на ўваходзе гуманітарнага ліцэя Купалаўскага ўніверсітэта.
На адкрыццё прыехалі высокія госці: маршалак польскага Сенату Станіслаў Карчэўскі і старшыня Рады Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч. Таксама дыпламаты і жонка Чэслава Выдрыцкага (Немана), Малгажата. Сваімі ўражаннямі яна падзялілася адразу пасля адкрыцця шыльды:
– Я вельмі ўзрушана. Ён нарадзіўся ў Польшчы ў Старых Васілішках, якія пасля лёсам гісторыі перасталі быць польскімі. Але Чэслаў сюды вярнуўся. Я ўзрушана тым, што беларуская моладзь вельмі шануе Чэслава і слухае яго.
На адкрыцці шыльды выступілі старшыня Гарадзенскага выканаўчага камітэту Станіслаў Гой, кіраўнік Сенату Рэспублікі Польшча Станіслаў Карчэўскі, а таксама амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі. Дарэчы, апошні выступіў часткова па-беларуску:
– Яго музыкай захаплялася ўся Польшча і шматлікія прыхільнікі яго таленту ва ўсім свеце. У тым ліку тут, у Беларусі. Нарадзіўшыся перад вайной на Гарадзеншчыне, пасля вайны, як сотні тысяч палякаў, Чэслаў пакінуў краіну свайго дзяцінства і ў рамках рэпатрыяцыі перасяліўся з сям’ёй у Польшчу. Але са сваёй малой айчынай ён ніколі не парываў і выбраў сабе псеўданім “Неман”.
На адкрыццё шыльды Чэславу Неману сабраліся прадстаўнікі польскай меньшасці ў Беларусі, дыпламаты, навучэнцы ўстановаў Гародні, сябры БРСМ. Шыльду выканаў гарадзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў. Сёлета Чэславу Немэну споўнілася б 80 гадоў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня