У Гародні ўшанавалі забытых літаратараў



У Гарадзенскім Свята-Пакроўскім саборы па-беларуску адслужылі  літургію ў гонар забытых беларускіх літаратараў Гарадзеншчыны. Богаслужэнне ўзначаліў протаіерэй Георгій Рой. А ў актавай зале кафедральнага сабора адбылася вечарына “Забытыя паэты Гарадзеншчыны”. Яе распачаў іерэй і паэт Павел Каспяровіч.

Пра забытых літаратараў Гарадзеншчыны цікава распавядалі і прыгадвалі Сяргей Чыгрын са Слоніма, Святлана Абдулаева з Наваградка і Аляксей Пяткевіч з Гародні.

Кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка шчыра падзякаваў усім за згадкі пра забытых і таленавітых асобаў Гарадзеншчыны, а айцец Павел прапанаваў скласці спіс усіх забытых літаратараў Прынёманскага краю, каб мець магчымасць памаліцца за іх спачын.

Аздобіў мерапрыемства Архіерэйскі хор пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Шэпелева, які выканаў перад прысутнымі гімн “Магутны Божа”.

 

Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара