У Гародні ўшануюць памяць літаратара Эдуарда Мазько
Сустрэча памяці гарадзенскага літаратара Эдуарда Мазько пройдзе 29-га жніўня. У арт -галерэі „Крыга ” а 15-00 гадзіне адбудзецца імпрэза, дзе ў 45 гадавіну заўчасна памерлага паэта прагучаць яго вершы, успаміны сяброў.
Кажа паэт Анатоль Брусевіч:
– Будуць чытацца відаць яго вершы, хто захоча прыйдзе – сябры, паэты. Літаратары, свае вершы пачытаюць. Увогуле Эдзік Мазько не толькі быў паэтам, быў выдатным культуролагам, гісторыкам, антраполагам, таму відаць мае сэнс запрасіць і яго калегаў, якія працуюць ва ўніверсітэце ды ў іншых месцах. Хрысціянская дэмакратыя – гэта тэма па якой ён рыхтаваў ужо доктарскую дысертацыю і абараніў кандыдацкую дысертацыю.
Сёлета выдавецкай серыяй „Гарадзенская бібліятэка” рыхтуецца поўны збор твораў Эдуарда Мазько. У збор твораў увойдуць не толькі вершы, але і артыкулы, якія складаюць яго творчую спадчыну. Пасмяротна ў 2012 годзе была выдадзена яго кніга вершаў „Займеннікі”.
Беларускае Радыё Рацыя