У Гародні ўзгадалі Эдуарда Мазько



Паэт і гісторык Эдуард Мазько памёр 20 чэрвеня 2011 года на 41-м годзе жыцця.

У пачатку 90-х Мазько суствараў аб’яднанне Верш-гурт “Дыяген”. Пэўны час ён працаваў у гарадзенскім музеі Багдановіча, а потым быў выкладчыкам Купалаўскага ўніверсітэта. Калегу і сябра ўзгадвае гарадзенскі паэт Анатоль Брусевіч:

– Эдзік Мазько для мяне і сябар, і паэт, і навуковец. Ды не толькі для мяне, але і ўсёй Гародні. Нават для ўсёй Беларусі – не пабаюся гэтага слова. Гэта была выключная асоба. Ён быў унікальны як паэт. Магчыма, ведаюць толькі прафесіяналы ў галіне літаратуразнаўства, што ён прадстаўнік вельмі рэдкай плыні для беларускай літаратуры – сюрэалізму.

Старшыня гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка.

– Пра заўчасную смерць Эдуарда Мазько ўзгадваецца акурат у апошнім нашым нумары “Новага замка”. Выйшла і цэлая нізка яго вершаў. Гэта адзін з самых выбітных паэтаў той пары.

На сёння існуе толькі адзін зборнік вершаў Эдуарда Мазько – “Займеннікі”, які выйшаў пасля яго смерці. Сябры і калегі Эдуарда Мазько плануюць выдаць усю спадчыну паэта.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня